Закіпела хутка праца…
Среда, 8.01.2020 16:37. Рубрика: Вершы
Снег ішоў і ноч, і ранак,
Двор засыпаў, нават ганак.
Сцежкі замяло ля хаты,
Працы вельмі тут багата.
Выйшаў тата, снег кідае,
Гурбы хутка разграбае.
Тут Міхаська шпацыруе
– Дай, табе дапамагу я.
За рыдлёўку ён бярэцца,
Толькі снег не паддаецца.
Напаткала, эх, няўдача,
Наш Міхаська ледзь не плача.
Усміхнуўся сыну тата:
– Тут рыдлёўка вінавата, –
І прынёс яму малую,
Сілы ёсць трымаць такую.
Закіпела хутка праца.
Удваіх лягчэй змагацца.
І зрабілі добра справу:
Двор пачысцілі на славу.
Наталля Сацута