Лятаць не шкодна
На самым звычайным двары жылі самыя звычайныя жывёлы. Нарадзілася там курачка Зося. З дзяцінства яе цягнула на вандраванні. Гэта не падабалася галоўнаму пеўню Язэпу, які назіраў за парадкам у куратніку. Аднойчы ў двор прыляцела дзіўная птушка. Прыгожае, карычнева-белае апярэнне, горда паднятая галава і ўпэўнены погляд. Гэты цуд пачаў хадзіць з боку ў бок, быццам чагосьці чакаючы. Зося не вытрымала:
– Хто вы?
– Ястраб. Мяне завуць Ірыней. Вольная птушка.
– Гэта як?
– Ніхто цябе не трымае і робіш, што хочаш.
– Так можна?
– Канешне. Паляцелі са мной.
– Ах ты вар’ят! – пачуўся крык – Пайшоў адсюль! – Да ястраба падскочыў Язэп.
– Смела. Але я ўжо адпачыў, шчасліва ўсім. Калі што, шукайце мяне на поўдні, – і ён паляцеў.
– Ідзіце працаваць! – крыкнуў усім Язэп.
Пасля гэтай сустрэчы Зося думала толькі аб палётах і новых краінах. Аб вольным жыцці ў небе. Але ў яе ніяк не атрымалася паляцець. Спрабавала і прыгаць, і крыламі махаць – ўсё дарма. Аднойчы залезла на дровы для наступнай спробы, але падбег Язэп:
– Злазь! Хопіць губляць час!
– Я хачу лятаць.
– Лятаць шкодна. Куры не лётаюць, яны павінны сядзець і выношваць яйкі.
Зося засмуткавала і пабегла ў куратнік плакаць. Ноччу ёй прысніўся сон. Зноў прыляцеў ястраб. Ён паклікаў яе да сябе і спытаў:
– Чаму ты тут?
– Так трэба.
– І ты верыш?
– А як інакш?
– Ты птушка! Гэта выпадковасць, што вы сядзіце тут. Там, за брамай, іншы свет. Трэбы толькі не баяцца.
– А калі не атрымаецца?
– Залежыць ад таго, як гэтага хацець. – І ён знік у вышыні.
Зося прачнулась. «Я змагу лятаць!» – вырашыла яна і пакрочыла да дроваў. Хутка апынулася на самым версе. Зосі стала страшна. Можа вярнуцца ў цёплае сена, легчы спаць і ўсё жыццё пражыць ціха? Хопіць! Зося распусціла крылы і скокнула ў невядомасць…
Цяпер, калі нехта ў небе бачыць Зосю, не можа зразумець хто гэта. Арол, напэўна?..
Іван Мелаў