Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Нёман злучае Беларусь
з Балтыйскім морам.
Вы толькі ўявіце гэты цуд!
Недзе з лясной, забалочанай
нізінкі на Узденшчыне,
а гэта непадалёк ад Мінска,
маленечкім шнурочкам
пачынаецца магутны Нёман.
Ён у сваім вузенькім вытоку
называецца ласкава — Нёманец.
А далей — болей набірае моцы
і рознымі выкручастымі шляхамі
прабіваецца ажно да мора.
Праз 937 кіламетраў наш ручаёк
шырокай плынню ўліваецца ў Балтыку.
Пра Нёман гучыць натхнёная песня:
Ой, Нёман! Ой, бацька любімы,
Як сонца, як дзень дарагі,
Садамі цудоўнай Радзімы
Твае расцвілі берагі.
“Вясёлка” прапануе, сябры,
сваё падарожжа па Нёмане.
Хай жа вам калі-небудзь захочацца
праплыць па чароўнай рацэ
на лодцы з вёсламі ці на маторцы,
на плыце ці брасам, кролем.
І вы адкрыеце для сябе не толькі Нёман,
а саму Беларусь з яе прыгожымі краявідамі.
Калі ўдасца законна пераадолець
дзяржаўную мяжу за Гроднам,
то вы пазнаёміцеся і з Літвой.
Па яе тэрыторыі Нёман цячэ
пад назвай Нямунас.
У добры шлях, вандроўнікі!
Нёман — рака двух народаў
Я заўсёды дзіўлюся з таго, як рака пракладае сабе дарогу. Зверху любая рака падобна на звілістую блакітную стужку. То ўлева зазірне, то ўправа, то прабяжыць прама, бытта жывая істота, вышуквае, дзе лепей праплыць. А мо цікавасць яе бярэ, хоча ўбачыць на сваім шляху як мага болей прыгостваў?
Нёман таксама вельмі цікаўная рака. Тысячы гадоў да нашай эры на яе берагах ужо сяліліся людзі. От каб рака ўмела гаварыць!
Давайце ніколі не стомімся рабіць для сябе адкрыцці ў нашай Беларусі. Поспехаў вам у гэтай удзячнай справе!
Уладзімір Ліпскі
Дамашняе заданне
- Прытокі Нёмана — рэчкі Уса, Бярэзіна, Дзітва, Лебяда, Котра, Вілія, Уша, Сэрвіч, Моўчадзь, Шчара, Зальвянка, Рось, Свіслач… Якія з іх упадаюць у Нёман справа, якія — злева?
- Колькі кіламетраў Нёман плыве па Беларусі, а колькі па Літве?
- Дзе ў Беларусі вырабляюць нёманскае шкло? Пацікаўся, мо ў вас дома ёсць посуд, вазы, блюды, скульптуры з нёманскага шкла?
- Па якіх раёнах Беларусі працякае рака Нёман?