Вершы Генадзя Аўласенкі
Вторник, 19.11.2019 08:38. Рубрика: Вершы
Воблачка
Кажа воблачку
вадзіца:
— Што мне з ветрыкам
вадзіцца!
Пакуль дожджык
з хмаркі лье,
ён мне песенькі пяе!
А як хмарка
праміне,
і не ўспомніць
пра мяне!
Машына ў кавярні
У кавярню заходзіць машына…
— Што, машына, вы будзеце піць?
— Дайце сподачак кавы з бензіну
І чаго-небудзь перакусіць.
— Прапаную суфле з салідолам
Альбо з гумы гарачай бліны.
Калі добра іх змазаць аўтолам,
Вельмі смачнымі будуць яны.
Сонейка
Сонейка па небе
пракацілася
і за лес далёкі
апусцілася.
А зямля салодка
пацягнулася.
Аж да ранку ў ночку
захінулася.
Зоркі ў неба выйшлі
пакрысе…
Месяц іх,
як пастушок, пасе.
Лепшыя таблеткі ад голаду
— Скажы,
Міколка,
ёсць ад голаду
таблеткі?
— Вядома ж,
ёсць:
цефцелькі
і катлеткі.