Небыліцы
ХТО ШТО ДЗЕ ЗБІРАЎ?
Пад грушай Данута
Збірала грэйпфруты,
Глеб з Машай увішна —
Лімоны пад вішняй,
А персікі — Яна
Пад слівай старанна.
Знайшла апельсіны
Пад яблыняй Ліна.
З бярозы бананы
Здымала Святлана,
Арэхаў з асіны
Натрэсла Марына
І мех мандарынаў —
З асіны Карына.
Пад волатам-дубам.
Набрала груш Люба,
А Толя пад клёнам —
Кош поўны лімонаў.
Ці так было ўсё, ці не так —
Таго я не бачыў.
Аднак
Пра тое казаў мне Мікіта.
А можа, ён што і наблытаў?
ПА ТРАТУАРЫ І ШАШЫ
Па тратуары ехалі трамваі,
А дзеці беглі па шашы…
Што я наблытаў тут,
Калі ты знаеш,
Дык тое нам усім скажы.
ШТО НЕ ТАК?
У Альжбэты — тры канфеты.
Пяць канфетак ёсць у Светы.
Колькі ж усяго канфетак
Маюць Света і Альжбэта?
***
На сукеначцы ў Міланы
Два вялікія карманы.
Я, калі прызнацца, зрэшты,
Напісаў не тое нешта.
Хто з вас, дзеці, скажа першы,
Што не так у гэтых вершах?