Буся чытае — і цябе пачытаць запрашае!
Дружа, вось і наступіла залатая восень. Прыгожая пара, ці не праўда? Можна пайсці на вуліцу збіраць лісце для гербарыя да Дня настаўніка або да Дня маці. А пасля сесці дома ў цяпле і ўтульнасці і пачытаць усёй сям’ёй цікавую кнігу.
“З Днём народзінаў, або Свята, якое ёсць у кожнага”. Гэты зборнік вершаў, апавяданняў і казак выйшаў у выдавецтве “Мастацкая літаратура” ў афармленні Міхаіла Дайлідава. З яго ты даведаешся, як святкуе свой дзень нараджэння Варона, а свае імяніны — свінка Марта, і яшчэ шмат-шмат чаго вясёлага і забаўнага. Як, напрыклад, піша паэт Віктар Шніп:
Пеўню на дзень нараджэння
З лесу ліс прынёс варэння.
Ад мядзведзя-лежабокі
Пяць рублёў далі сарокі.
А калі табе захочацца, дарагі дружа, прыгадаць, як прайшло тваё лета, колькі ўсяго цікавага ты пабачыў і пачуў, куды павандраваў — ёсць для цябе цудоўная, ярка ілюстраваная кніга “Беларускае лета”. Аднак і да зімы рыхтавацца не забудзь! Табе ў дапамогу — апавяданні Ядвігі Бяганскай “Дзе начавалі рукавічкі” з серыі “Жывая класіка дзецям”.
Твой Буся
Родным Бусем ганаруся,
Ганаруся Беларуссю!
На любімы свой часопіс
Тэрмінова падпішуся!
Індэкс для індывідуальных падпісчыкаў — 00142, для ведамасных — 001422.