Сон
Сыну Самсона Сымону сасніўся сон: стары сом саліў срабрыстую салаку, складваў у слоік.
Сымон спытаў:
— Слухай, сом, салёнай салацэ страшна?
— Не страшна, а смешна, — сказаў сом. — Скача, як спалоханая.
— Сом-свавольнік, спачатку сябе абсып соллю.
— С-сымон, с-супакойся.
— Сыч сівы, пусці салаку!..
Сом-таўстун сыпануў соллю ў Сымона. Спрытна Сымон адхіснуўся, па-снайперску пусціў стралу ў сома. Вусач сярдзіта застагнаў:
— С-сорамна сыну Самсона Сымону пускаць стралу ў старога сома.
— А старому сому не сорамна саліць соллю салаку?
Спрачаліся сом і Сымон. Спрасоння Сымон стаў скідваць з сябе прасціну:
— С-сом!..С-сам!.. С-соль!.. С-стой!..
Сонца свяціла ў спальню. Прачнуўся Сымон. Паснедаў. Сеў за стол. Старанна пісаў у сшытак словы з літарай С.
Сымон сказаў сястры Соні:
— Соня, дзівіся: С — як месячык!..
Сястра ўсміхнулася:
— Вось месячык і пасылае Сымону страшныя сны.