Навука чытання
Хлопчык Алесь вельмі любіў казкі пра жывёл, прыроду і розныя цудоўныя здарэнні. Але любіў, калі яму іх хто-небудзь чытаў, бо сам ленаваўся і таму не ўмеў чытаць. Маці шкадавала хлопца, лічыла, што ў школцы навучаць яе сына самастойна чытаць і ішла на ўгаворы Алеся, чытала яму сама. Да школы Алесь ведаў шмат казак Пушкіна, Братоў Грым, Андэрсана, а таксама беларускія народныя. Але час ішоў, хлопчык пайшоў вучыцца ў першы клас, і там здарылася тое, што абурыла і пакрыўдзіла Алеся…
Калі настаўніца спыталася ў класа, якія кнігі вучні ўжо паспелі прачытаць, Алесь горда і важна пачаў пералічваць усе “свае” шматлікія заслугі. Гэта зацікавіла настаўніцу, а таксама і аднакласнікаў. На перапынку дзеці сышліся каля свайго “самага начытанага” сябра і пачалі пытаць яго пра сюжэты з розных казак. Алесь пачаў расказваць падзеі з адной, другой, трэцяй казак з такім захапленнем, што яго сябры слухалі, раскрыўшы раты. Але сярод іншых дзяцей быў задзірысты хлопчык Міхаська, які працягнуў Алесю сваю любімую кнігу з казкай “Лёгкі хлеб” і папрасіў прачытаць яе.
Зацікаўлены сваім аповедам, Алесь зусім забыўся пра свой недахоп. Ён паважна ўзяў кнігу з рук Міхася, зазірнуў у яе і зразумеў, што літары для яго — рэч незнаёмая, што ён нават назву казкі прачытаць не можа. Алесь глядзеў на літары, быццам баран на новыя вароты, і думаў: “Каб я хоць назву мог прачытаць, то ўспомніў, пра што тут. Маці, напэўна, чытала мне гэтую казку”. Засаромеўся Алесь, не вымавіў ані слова і аддаў кнігу Міхасю, які зразумеў, у чым праблема, і сказаў: “Вось, хвастун які! Хіба можна столькі кніг самому прачытаць, калі ты не ўмееш гэтага рабіць? Мабыць, ты нам тут сам сюжэты прыдумаў з тых казак, якія мы яшчэ не чыталі?” А іншыя дзеці засмяяліся. Хлопцу стала горка ад таго, што яго назвалі выдумшчыкам, і зразумеў, як важна навучыцца чытаць. У гэты ж вечар Алесь папрасіў маці, каб тая навучыла яго, але нічога не атрымлівалася. Не атрымалася і на наступны дзень, і праз тыдзень, і праз месяц, і праз год. Так чытаць ён і не навучыўся. Сабраў усе свае рэчы ды пайшоў у далёкі-далёкі лес жыць разам з жывёламі. Хто не чытае, той шчасце ў лесе шукае. А хто чытаць умее, той сярод людзей шчаслівы будзе.