Аб чым спрачаліся кнігі
У школьную бібліятэку прывезлі новыя кнігі.
— Мы аж дзвесце кіламетраў праехалі, пакуль сюды трапілі. Мае вокладкі нават пылам пакрыліся, — незадаволена прабурчаў Падручнік Матэматыкі.
— Куды гэта нас прывезлі? Скажыце мне, сябры! — занепакоіўся Падручнік Спеваў.
Падручнік Геаграфіі важна кашлянуў і паведаміў:
— У школу, даражэнькі. У бібліятэку.
— Я так марыў у школу трапіць! — узрадаваўся падручнік Спеваў. — Неўзабаве мяне дзеці забяруць, дамоў панясуць. Надакучыла стаяць на цеснай палічцы.
Лічыш, што цябе першага дзеці забяруць? — пацікавіўся Падручнік Матэматыкі.
— Канешне, — адказаў Падручнік Спеваў. — Я шмат песень ведаю. А дзеці любяць спяваць.
— Я тут самы галоўны, — не пагадзіўся Падручнік Матэматыкі. — Я вучу аднімаць, складаць, множыць, дзяліць. Мяне першага забяруць з бібліятэкі.
— Задавака! — абурыўся Падручнік Геаграфіі. — Я самы патрэбны. Дзеці без мяне нават у лесе заблудзяцца, дарогу дамоў не знойдуць. I пра горы, і пра моры, і пра акіяны я ім раскажу.
— Шмат аб сабе не ўяўляйце! — падаў голас Тлумачальны Слоўнік — Без мяне ніхто з вас не растлумачыць, што такое матэматыка, што такое геаграфія. Я, вядома, самы патрэбны. Мяне і ў друкарні самым першым выпусцілі.
Гамоняць кнігі, спрачаюцца. Тоўсты Тлумачальны слоўнік пачаў штурхацца. Мабыць, моцнай сваркай скончылася б гэтая спрэчка, калі б у бібліятэку не забег рыжавалосы хлопчык
— Ніна Іванаўна, у вас ёсць Матэматыка? — яшчэ з парога запытаўся ў загадчыцы бібліятэкі.
Падручнік Матэматыкі звысоку глянуў на сябрукоў.
— Я вам што казаў?
— Прывезлі Матэматыку, стаіць на паліцы, — сказала загадчыца бібліятэкі. — Табе, Міхась, напэўна, і геаграфія патрэбна?
— I Геаграфія, і Спевы, і Тлумачальны Слоўнік, — таропка прагаварыў Міхась.
Кнігі слухаюць і дзівяцца. Зусім разгубіліся: не ведаюць, якая з іх найбольш патрэбная, карысная. Што ж, яны яшчэ ні разу не былі ў класе, і шмат чаго ім невядома.