Новыя хвасты для зайцоў
У адным лесе сустрэліся два зайцы і сталі наракаць на сваё жыццё:
— Бедныя мы бедныя, усіх мы баімся, ад усіх уцякаем, нават схавацца не можам, — выціраючы лапкай слёзы, паскардзіўся віславухі заяц.
— Што ні кажы, а трэба нешта прыдумаць, — пачухаўшы патыліцу, выказаўся заяц, у якога з вушамі было ўсё у парадку.
— Мне здаецца, што ўсе нашы непрыемнасці ад хваста. Мне чапля расказвала, што ў Афрыцы жывуць хвастатыя малпы. У іх не жыццё, а адно задавальненне. Зачэпяцца хвастамі за галінкі і схаваюцца ў лістоце, нікога не баяцца.
— А давай мы сабе зробім хвасты, як у малпаў, — прапанаваў віславухі заяц. — Усе нашы беды і знікнуць.
Сказана — зроблена. Цэлы дзень майстравалі зайцы сабе новыя хвасты. Іх працай зацікавілася сарока.
— І чым гэта вы займаецеся? — застракатала яна.
— Адчапіся, белабокая, не да цябе нам зараз, — дзелавіта адказаў віславухі.
Але сарока пакідаць іх не збіралася, а з дальняй бярозы працягвала назіраць за зайцамі.
Нарэшце хвасты былі гатовы. Зайцы пазбавіліся ад сваіх маленькіх куцых хвосцікаў, кінулі іх каля пянька і прычапілі новыя, доўгія. Каб паглядзець, як хвасты рухаюцца, зрабілі зарадку. Зайцы засталіся вельмі задаволеныя сваімі новымі хвастамі.
Сарока ад здзіўлення ледзь не звалілася з бярозы. Ну і ну, такога цуду яшчэ не бачыла! Ёй стала вельмі цікава, чым жа ўсё гэта закончыцца.
— Вось цяпер мы зможам ад ворагаў схавацца на дрэве, ніхто нам не страшны, — бадзёра прагаварыў заяц, у якога з вушамі было ўсе ў парадку, і для перакананасці падняў высока хвост трубой.
І тут у лесе пачуўся брэх сабак.
— Уцякаем, гэта паляўнічыя, — баязліва тузануў за лапку таварыша віславухі заяц.
Зайцы зусім забыліся, што іх новыя хвасты дапамогуць ім учапіцца за галінку дрэва і схавацца ад ворагаў. Яны кінуліся да кусціка шыпшыны, які рос непадалёку. Гэты кусцік не раз ратаваў іх ад бяды. Сіганулі зайцы пад куст, ды не так усё проста. Іх доўгія хвасты зачапіліся за калючкі шыпшыны і моцна іх трымалі. Тузаюцца зайцы, крычаць, плачуць, а зрушыцца не могуць.
Сарока спачатку пацяшалася з іх, а потым сама спалохалася. Парады пачала даваць. Нарэшце тузанулі зайцы свае хвасты, і тыя так і павіслі на кусце шыпшыны. А сарока лятала па лесе і разносіла вестку аб тым, што здарылася з зайцамі. Лясныя жыхары ад душы пасмяяліся з гэтай прыгоды.
А нашы зайцы пайшлі шукаць свае маленькія куцыя хвосцікі, якія ніколі не перашкаджалі ім хавацца ў кустах шыпшыны, уцякаць ад ворагаў. Тыя лажалі на тым жа месцы, дзе іх пакінулі зайцы. З хуткасцю маланкі пачапілі нашы героі свае хвосцікі. А заяц, у якога з вушамі было ўсё у парадку, пагладзіў лапкай свой хвосцік і сур`ёзна дадаў:
— Новае — не значыць лепшае.