Вершы Алега Грушэцкага
Пятница, 25.10.2019 07:00. Рубрика: БУСЯ
Жук
Жук над Жодзіна дзень кружыць,
Жвавы жук, жыве, не тужыць
Сеў на жэрдку: — Як тут гожа!
Як жа Жодзіна прыгожа!
Котка
Котка крочыць крохкім крокам
І за мышкай сочыць вокам.
Мышка ў норку знікла скокам
Котка — скок, захрасла бокам.
Лось
Лось вялікі заблукаў
Ва ўласным лесе.
Ветліва бусла спытаў,
Што ляцеў з Палесся.
Мілы бусел, пакажы
Шлях крылом дадому.
Бусел: — Кля! За мной бяжы!
Будзеш каля дому.
Рыбак
Раз рыбак паехаў у Ракаў
Палавіць у рэчцы ракаў.
Ракі ў рэчцы той не жылі
Толькі тры фарэлі плылі.
Замест ракаў тры фарэлі
На яго з вядра глядзелі.
Хоць вярнуўся ён без ракаў,
Наш рыбак не вельмі плакаў.
Шыншыла
Пад шыпшынаю шыншыла
Шалік шоўкавы знайшла,
Упрыгожыла ім шыю
І да мышачкі пайшла.