Адкуль род мой?
Дарагія сябры! Пачытайце, які цудоўны, цёплы ліст прыйшоў да Васі Вясёлкіна. Мы з радасцю чытаем усе пісьмы і чакаем вашых новых малюнкаў, апавяданняў, вершаў або проста цікавых гісторый!
Спусціўся на зямлю Сонечны прамень і пачаў усіх па галоўцы пагладжваць: і маленькую валошку на лузе, і пеўніка на падворку, і шэрыя камяні , якія ляжалі побач са сцежкаю. Нарэшце дабраўся і да чалавека, які драмаў пад стогам сена. Той пацягнуўся, чмыхнуў і расплюшчыў вочы: “Раніца. Пара ў дарогу збірацца”. Валасы ў чалавека былі светлыя, а вочы такой сінню наліваліся, што і нябёсы пазайздросцяць. Працавіты быў чалавек. За што ні браўся, усё ў руках гарэла. І каня мог падкаваць, і поле ўзараць, і боты адрамантаваць, і песню заспяваць. Адна бяда была ў яго — не ведаў ён свайго роду. Міхась ды й Міхась, а чый — невядома. Так і жыў на зямлі без прозвішча.
Крочыў Міхаська ў суседнюю вёску. Вельмі там былі патрэбныя добрыя працаўнікі, каб лён трапаць. Ідзе, прыгажосцю прыроды цешыцца. Ні кветачкі дарма не прытопча, ні птушачцы не пашкодзіць. Такі добры быў чалавек. Прыйшоў на месца ды і за работу адразу ўзяўся. А чаго час марнаваць? Цапом хлоп-шлёп, хлоп-шлёп і звонкай песняй сабе дапамагае. Раптам чуе, хтосьці тоненькім галаском яму падпявае: “Церабі, церабі, церабейка! Працярэблівай цапом, працярэблівай!” Прыгледзеўся, а гэта маленечкая пярэстая птушачка пад дахам заліваецца. Пачуў пра гэта пан і згадзіўся з птушкай: “Быць табе, Міхась, з гэтага моманту Церабеем!”
Адтуль і пайшоў род Церабееў. І я — Арына Церабей. Спяваць люблю, працаваць люблю і павагу да свайго рода вялікую маю.
Арына Церабей