Вершы пра восень
Сяргей Грахоўскі
Верасень
І туманныя слівы і яблыкі — вось яны —
На саломе ляжаць у іскрынках расы,
Пахнуць мёдам і верасам сонечнай восені,
I рыпяць па дорогах цяжкія вазы.
Янка Купала
Лістапад
З буйных ліп і бяроз
Лісты валяцца.
Між павалаў і лоз
Рассыпаюцца.
Шапацяць, шалясцяць
Залацістыя,
Увысь галінкі глядзяць
Пусталістыя.
Авяр’ян Дзеружынскі
Восень
Сохнуць кветкі,
Жоўкнуць травы,
Вее вецер
Неласкава.
З дрэў сілком
Лісты зрывае,
Сум і скруху
Навявае.
Уладзімір Дубоўка
Залатая раніца
Залатая, асенняя раніца!
Хараством ты на свеце адна.
Сонца ў пушчы глыбокай купаецца
І ніяк не дастане да дна…
Уладзімір Караткевіч
Лісце
Глянь на зямлю залатую,
Пяшчотную, сумную, чыстую,
Нехта па ёй вандруе,
У паветра ўзнімаючы лісце.
Яўгенія Янішчыц
Дуброва
Прыносіць мне дары свае дуброва
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Уліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.