Казка пра верабейку
Жыў на свеце верабейка Чык-Чырык. Калі была зіма, было халодна і нехапала ежы, верабейка шукаў сабе спажывы каля хаты ў якой жылі дзед і баба. Але прыйшла вясна і снег растаў. Вырасла трава, расквітнелі кветкі. Дрэвы пакрыліся зялёнымі лісточкамі. Весела стала і верабейку. Цёпла, сытна.
Дзед і баба выйшлі ў агарод і пачалі капаць зямлю і рабіць градкі. На градках яны пасеялі розную агародніну.
— Чык-чырык, чык-чырык. – весела спяваў верабейка і збіраў мошак і вусеняў то на зямлі, паміж градак, то на дрэвах.
Верабейка вырашыў застацца жыць ў гэтым агародзе. Але вось узыйшлі агурочкі і іх заўважыла варона, якая жыла на высокім дрэве, што расло побач з агародам дзеда і бабы. Прыляцела варона ў агарод і пачала сваёй вялізнай дзюбай кляваць маладыя парасткі агурочкаў. Што склявала, што зламала, што вырвала з зямлі і кінула на градцы, затым успырхнула і паляцела прэч.
І тут у агарод прыйшлі дзед і баба і ўбачылі, што робіцца на градках з агурочкамі. Убачылі яны і верабейку і вырашылі, што гэта ён нашкодзіў.
— Кыш! Кыш! – закрычаў дзед на верабейку.
— Кыш! Кыш! – закрычала баба. – Ляці прэч з нашага агарода. Ляці на карчэў’я, на пянеў’я, на вольхі а ў нашым агародзе табе месца няма.
Пакрыўдзіўся верабейка, успырхнуў і паляцеў да алешніку. Зашумеў альховы лес, затрапятаў лісцем.
— Бацюшка лес, – прапішчэў верабейка. – не дай загінуць, дай прыют.
Расступіўся лес перад верабейкам на чатыры бакі і ўбачыў верабейка паміж карчэў’я-пянеў’я засланыя столікі. І чаго толькі на тых століках няма. Тут табе і піццё – дажджынкі з расінкамі, тут табе і стравы розныя – камары ды мошкі, кляшчы ды блошкі.
— Чык-чырык. – радасна зашчабятаў верабейка. – Дзякуй, бацюшка лес, табе за ласку, за прывет.
І пачаў верабейка жыць у лесе. Жыве сабе ды песенкі спявае.
А тым часам у дзеда і бабы ў агародзе бяда здарылася. Мала таго, што варона шкодзіць, парсткі клюе, так яшчэ развялося розных шкоднікаў цьма-цьмушчая: вусеняў, чарвякоў, мошак ды блошак розных. Пачалі яны гаспадарыць у агародзе, пачалі лісце аб’ядаць, карані падгрызаць, плады і агародніну псаваць
Вось тут дзед і баба зразумелі, як яна дрэнна абыйшліся з верабейкам, калі выгналі яго са свайго агарода. Вырашылі дзед і баба пайсці ў лес і папрасіць верабейку вярнуцца да іх ў агарод.
Спачатку пайшоў у лес дзед. Хадзіў-хадзіў, шукаў-шукаў ён верабейку. Не знайшоў. Вярнуўся да дому і сказаў бабе:
— Не знайшоў я верабейку, відаць далёка зляцеў ён. Ні на адной ялінцы, ні на адной хваінцы я яго не ўбачыў. Ідзі цяпер ты ў лес.
Пайшла баба ў лес. Хадзіла-хадзіла, шукала-шукала верабейку. Не знайшла. Вярнулася ні з чым і кажа:
— Не знайшла я верабейку. Ні на адной бярозцы, ні на адной асінцы яго няма. І дзе зараз яго шукаць? Не ведаю.
Забедавалі дзед і баба яшчэ болей і залемантавалі:
— Што ж нам рабіці? І дзе ж нам шукаць верабейку?
Але раптам падыйшоў да дзеда і бабы іх унук Іванка і гаворыць:
— Не бядуй дзед! Не бядуй баба! Я пайду шукаць верабейку. Не там вы шукалі яго. Вы ж самі яго адправілі на пянеў’я, на каряэў’я, у альховы лес.
Пабег Іванка ў лес. Зашумеў альховы лес, затрапятаў лісцем.
— Даруй нам, бацюшка лес, што пакрыўдзілі верабейку. – сказаў Іванка. – Дапамажы мне яго знайсці.
Расступіўся тут альховы лес перад Іванкам на чатыры бакі, і ўбачыў Іванка паміж пянеў’я-карчэў’я засланыя столікі, а за тымі столікамі не адзін верабейка, а ўжо цэлая вераб’іная сямейка. Скок-паскок, чык-чырык, то мошку склююць, то кляшча, то блошку. То расінкай зап’юць, то дажджынкай.
Убачылі Іванку спалохаліся, хацелі зляцець і схавацца. Але Іванка затрымаў іх:
— Не бойся верабейка, не бойся вераб’іная сямейка. Не са злом я да вас прыйшоў, а прабачэння прасіць і дапамогі прасіць прыйшоў. Прабач дзеда і бабу за тое, што прагналі цябе з агарода. Вярніся да нас у агарод, бо без цябе бяда там здарылася. Развялося там шмат мошак, вусеняў, чарвякоў і блошак. Калі вы не вернецеся і не дапаможыце – загіне наш агарод.
— Я б вярнуўся, але баюся, што дзед і баба зноў мяне за вароніны махлярствы выганяць. – прапішчэў верабейка.
— Не бойся! Я папрашу дзеда, каб ён ад вароны ў агародзе пудзіла зрабіў.
Паслухаўся верабейка Іванку, вярнуўся ў агарод да дзеда і бабы, а разам з ім і ўся вераб’іная сямейка прыляцела. Скароханька пералавілі яны ўсіх шкоднікаў і навялі ў агародзе сапраўдны парадак.
З той пары верабейка разам са сваёй сямейкай застаўся жыць у агародзе круглы год: і вясной, і летам, і ў восень, і ў зімку гаспадарыць ён у агародзе і нікуды не злятае.
А дзед зрабіў пудзіла і паставіў яго ў агародзе, каб яно варон палохала а вераб’ёў ахоўвала.
Зразумелі дзед і баба, што птушкі прыносяць карысць і саду, і агароду, таму наступнай вясной змайстравалі дзед з Іванкам шпакоўні і павесілі іх ў садзе. Так у верабейкі з’явіліся суседзі – шпакі.