На добры сон
Дзесяцігадовая Стэфа вельмі любіла лісянят. Яе захаплялі здымкі жывёл, зробленыя ў дзікай прыродзе, ілюстрацыі да дзіцячых казак; яна малявала іх сама… Варта адзначыць, што дзяўчынка таксама была падобная да маленькага жвавага лісяняці: уважлівы позірк, хітраватая ўсмешка, зграбныя і хуткія рухі, рудаватыя валасы, заўсёды заплеценыя ў два хвосцікі. Вытлумачыць, чаму Стэфка, у адрозненне ад сваіх сябровак, якіх у захапленне прыводзілі кацяняты і шчанюкі, аддавала перавагу лісянятам, складана. Але так было. На жаль, адвечную мару дзяўчынкі — завесці ў кватэры рудое лісянятка — спраўдзіць было немагчыма. Аднак маці вельмі любіла Стэфу і паважала яе захапленні, а таму купляла дачцэ кнігі пра гэтых жывёл, прыдумляла казкі.
Аднойчы ў краме ёй на вочы трапілася цудоўная торбачка. Яна была зроблена з зялёнай тканіны, і яе аздаблялі тры пыскі цудоўных маленькіх лісянят. Без ваганняў жанчына набыла торбачку і падарыла Стэфцы. Дачка шчыра ўзрадавалася падарунку і тут жа дала лісянятам імёны: “Гэта будзе Фыр, гэта-Фур, а гэта… Фр!”— задаволена прамовіла Стэфа і адразу паклала ў торбачку кнігу, якая была патрэбная ёй у школе. Гэта быў падручнік па прадмеце “Мая Радзіма — Беларусь”. Дзяўчынка ўсё ніяк не магла засвоіць гісторыю пра князёўну Рагнеду і яе рашучага сына Ізяслава.
Ноччу, калі Стэфка ўжо амаль заснула, у пакоі пачуўся шоргат. Дзяўчо не звярнула на яго ніякай увагі, бо начны спакой часта парушаў кот. Але ўжо скрозь сон Стэфа адчула, як да шчакі прытулілася нешта вельмі мяккае і цёплае. Дзіўна, кот ніколі не быў такім ласкавым да дзяўчынкі: пэўна, ведаў яе любоў да лісянят. Аднак Стэфка не змагла расплюшчыць вочы, каб паглядзець, што адбываецца: іх, нібы адмысловай маскай для сну, атуліла нешта вельмі пухнатае. Неўзабаве дзяўчынка заснула, і сон яе быў дзіўны: ёй нібыта па старонках чыталі такую цяжкую для яе гісторыю Рагнеды вельмі прыемным і танюткім голасам. Час ад часу голас змяняўся на незразумелае “Фур-фур”, але адразу быццам спахопліваўся і працягваў чытанне. Ці варта гаварыць, што на ўроку Стэфка атрымала найвышэйшую адзнаку?.. Вось толькі выкінуць з галавы таямнічы сон Стэфа не магла: надта мягка ёй сёння спалася, надта салодка “слухалася”…
Звычайна маці было вельмі складана адправіць дачку спаць; сёння ж тая сама лягла ў ложак як мага раней, загадзя, вядома, паклаўшы ў сваю торбачку кнігу-цяпер гэта было Літаратурнае чытанне-і яблык, каб перакусіць у школе. Засынаючы, Стэфка чула, што са стала, дзе ляжала яе торбачка, даносіцца нейкая тузаніна і хрумст. Праз пэўны час усё сцішылася і дзяўчынка заснула. Сёння “ў праграме” была казка з падручніка “Нямоглы бацька”. Стэфцы якраз задалі пераказаць твор, а тут вось ёй нібыта хтосьці адмыслова перачытвае радок за радком, ды толькі пахрумствае чымсьці, ды “фыркае”…
“Стэфа, уставай, праспіш жа!..”-пачуўся адкульсьці здалёк голас маці, але прачынацца не хацелася-хацелася даслухаць казку. Праз некалькі хвілін выбрацца з ложку ўсё ж давялося.
-Стэфка, хіба табе не падабаюцца болей лісяняткі?-запыталася маці.
-Натуральна, падабаюцца! А чаму ты пытаешся?
-Дык я калі зараз раніцай заходзіла да цябе ў пакой пакуль ты спала, то ўбачыла торбачку тваю на стале. А на ёй ніводнага лісяняці: ні Фыр, ні Фур, ні Фр… Дык я й вырашыла, што ты іх зафарбаваць задумала.
Дзяўчынка пабегла ў пакой. Праз хвіліну яна вярнулася з торбачкай у руках і ўзрушана прамовіла: “Ды не, матулечка, глядзі: усе на месцы! Табе, пэўна, падалося. І падручнік мой тут”. “Толькі вось…яблык чамусьці з’едзены…”-задуменна дадала Стэфка.
Наступнай ноччу дзяўчынка вырашыла не спаць, каб даведацца, што ўсё ж такі адбываецца ў яе пакоі. Была пятніца, у школу наступным днём ёй ісці было не трэба, а таму ў торбачку яна паклала сваю ўлюбёную кнігу пра лісянятак і іх жыццё ў лесе. Стэфа з усяе моцы намагалася змагацца са сном, але ў пэўны момант не вытрымала і заплюшчыла вочы. Аднак амаль адразу пачуўся шоргат са стала, дзе ляжала торбачка, і Стэфка, не расплюшчваючы вачэй, прыслухалася:
-Гэй, Фр, твая чарга чытаць!
-Фыр, адчапіся, нашу таямніцу і так ледзь не разгадалі раніцай… Я ж гаварыў, не трэба было казку да канца чытаць-яна задоўгая! Варта было на світанку сыходзіць!
-Але.. Як яблыкамі хрумсцець, дык ты можаш, а як некалькі старонак дзяўчынцы пачытаць-дык не дуж!..
-Ай, Фур, хто б гаварыў… Ладна, трасца з вамі, давайце сваю кніжку.
Лісяняткі ўтраіх падхапілі кніжку, што ляжала ў торбе, і ўскараскаліся да Стэфкі на ложак. Адзін з іх-верагодна, гэта быў Фыр,-накрыў вочы дзяўчынкі пухнатым хвастом, другі-напэўна, Фур,-прытуліўся да шчакі, а Фр пачаў чытаць.
Раніцай Стэфка прачнулася і ўбачыла побач з сабой на ложку трох маленькіх лісянят, якія салодка спалі. Каля падушкі ляжала разгорнутая кніга пра жыццё лісаў у дзікай прыродзе, а на стале засталася торбачка-цалкам зялёная, аніводнай лісінай пыскі на плотнай тканіне. Вочы дзяўчыны акругліліся, бровы прыўзняліся ад здзіўлення. Яна працягнула далонь, каб дакрануцца да рудой поўсці, але лісяняты раптам прачнуліся. Яны збянтэжана падскочылі і ўжо хацелі збегчы да свайго сховішча, але Стэфка ўмольна паглядзела на сваіх улюбёнцаў. Тыя ўздыхнулі, і адзін-найвялікшы-прамовіў: “Адпусці нас, калі ласка… Мы прачыталі, як цудоўна маглі б жыць у лесе са сваімі сваякамі… Мы так захапіліся чытаннем, што заснулі з табой… Ты добрая і ласкавая дзяўчынка, але ў лесе нам будзе лепш!” “А я змагу наведваць вас у лесе?”-сумна запыталася Стэфа. “Канечне!”-хорам адказалі Фыр, Фур і Фр. “Ты можаш прыходзіць і частаваць нас яблыкамі…”-сарамліва прамовіў, пэўна, Фр…
“Мне больш не падабаюцца лісяняты!-закрычала Стэфа, падбягаючы да маці.-Таму я зафарбавала торбачку”. Яна вырашыла, хай лепей маці будзе дакараць яе за сапсаваны падарунак, чым павядзе да псіхолага, каб той запытваўся, ці дастаткова ў дзяўчынкі сяброў.
Напэўна, дадаць застаецца толькі тое, што Стэфа, калі стала дарослай, то абрала працу ілюстратара дзіцячых кніжак. А натхненне яна знаходзіць у лесе побач з яе сімпатычным домікам. А каля доміка яна разам з сям’ёй пасадзіла некалькі яблыневых дрэваў. Стэфа нікому не тлумачыць, чаму ў лес яна сыходзіць з трыма яблыкамі ў кішэнях. Вось толькі вяртаецца яна адтуль заўсёды з цудоўнымі казкамі для сваёй цікаўнай маленькай дачкі.