Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Нарач — блакітнае сэрца Беларусі.
Калі сесці на лодку і веславаць,
то ўдоўжкі давядзецца адмахаць
амаль трынаццаць кіламетраў,
а ўшыркі —дзесяць.
Толькі ўлічыце, белыя хвалі Нарачы
могуць уздымацца да метра.
Калі ж сесці на веласіпед
з надзеяй аб’ехаць Нарач,
то круціць педалямі трэба
сорак адзін кіламетр.
Калі ў вас надзейная вуда,
то на кручок могуць патрапіць
дваццаць два віды рыб:
вучор, сіг, шчупак, плотка…
Калі вам захочацца нырнуць
і дастаць пясочку са дна,
то запасайцеся паветрам,
бо сярэдняя глыбіня — дзевяць метраў.
Калі захочаце адпачыць на Нарачы,
ведайце, вакол возера —
дзясяткі санаторыяў, турбаз, аграсядзібаў.
А найбольш знакаміты лагер “Зубраня”.
Тут круглы год гучаць галасы дзяцей,
ды не толькі з усяе Беларусі,
а з Расіі, Кітая, Сірыі, Італіі,
Польшчы, Літвы, Украіны…
Калі сустрэнеце нарачанскія сосны,
пастойце каля іх, паслухайце цішыню.
Яны — вечныя вартаўнікі возера.
Вось як ухваліў іх паэт Максім Танк:
Я, нават будучы сляпым,
Абняўшы ці пацалаваўшы,
іх пазваў бы.
Нарачанскі край — любі і пазнавай
Сярод чароўных, знакавых мясцін Беларусі возера Нарач — дзіва з дзіваў. Сюды, не паверыце, прыплываюць з далёкага Саргасава мора вёрткія вугры. На возеры ёсць востраў, пра які складаюць легенды. Уздоўж Нарачы — траншэі-маршчыны. Хто ваяваў і загінуў за возера? Тут — паселішчы лебедзяў, чапляў, чаек. Тут — ад чарніц чорна, ад брусніц чырвона, ад грыбоў грыбна, ад хваляў хвалююча.
Адкрыйце для сябе Нарачанскі край!
Дамашнія заданні:
- Знакамітыя нарачанцы — народны паэт Беларусі Максім Танк, народная артыстка рэспублікі Марыя Захарэвіч. Што ведаеце пра іх?
- У якой вобласці, у якім раёне знаходзіцца возера Нарач?
- Як называецца курортны пасёлак на Нарачы?
- З Нарачы выцякае толькі адна рака. Як яна называецца?
- Ці пашчасціла вам бываць на Нарачы? Апішыце свае ўражанні, намалюйце ўбачаныя прыгоствы.