Ці можна намаляваць вецер?
Калі першакласнік Данік прачытаў у часопісе першы радок верша адной юнае паэткі “Намаляваць хачу я вецер”, ён перастаў чытаць далей. Яго надта здзівіла і расчаравала жаданне дзяўчынкі здзейсніць немагчымае. “Дождж я намаляваў бы, — разважыў ён, — а вецер?..” Ён пазяхнуў і загарнуў часопіс.
Прайшло зусім няшмат дзён, як настаўніца на ўроку малявання сказала вучням, каб дома паспрабавалі намаляваць… вецер.
— Праявіце кемлівасць і фантазію — і ў вас атрымаецца.
Данікаў тата быў у камандзіроўцы, сынок не адважыўся турбаваць яго па тэлефоне. Пра незвычайнае заданне настаўніцы сказаў маме. Яна толькі ўсміхнулася:
— Мабыць, настаўніца пажартавала.
На другі дзень на дварэ запахла навальніцаю. Данік жыў у гарадской кватэры на сёмым паверсе. Ён быў неверагодна здзіўлены, калі ўбачыў з акна, як ніцыя вербы ля стаўка пад націскам моцнага ветру згіналіся да зямлі.
— Мамачка, дай, калі ласка, фотаапарат, — папрасіў Данік.
Пакуль хлопчык, узброены фотааб’ектывам, ішоў на балкон, дзе было адчыненае шырокае акно, малюнак прыроды дапоўніў і ажывіў капялюш, сарваны ветрам з галавы разгубленага дзядка на тралейбусным прыпынку. Той капялюш каціўся жвава па мокрым асфальце, дзядок бег за ім. Даніку засталося толькі націснуць на кнопку.
— Мамачка, паглядзі, што атрымалася, — сказаў ён
— Малайчына! Гэта якраз тое, што трэба, — пахваліла матуля сына.
Цяпер хлопчык з натхненнем намаляваў вецер. На бліжэйшым уроку настаўніца паставіла Даніку самую высокую адзнаку.