У грыбным лесе
Прайшлі гусценькія дажджы,
Пасеяўшы грыбочкі.
І мы ранютка — за кашы,
Да бліжніх мчым лясочкаў.
Спяшаюцца ўсе грыбнікі
Да лесу сцежкай блізкай:
Стаяць радочкам маслякі
Ў бліскучых шапках слізкіх.
А пад асінай — прыгажун,
Высокі, стройны, лоўкі,
З нагой рабенькаю, фарсун
З чырвонаю галоўкай.
Вунь падбярозавік-сусед
З галоўкаю сівенькай,
На ножцы тоненькай прысеў,
Малы яшчэ, слабенькі.
Дзядулі ля яго стаяць
Сівенькія таксама,
І брат, і сёстры — ўся сям’я —
І з татаю, і з мамай.
Расце магутны баравік,
Чаргі сваёй чакае,
Здавацца лёгка не прывык,
Схаваў у мой свой чаравік
І ў хованкі гуляе.
Малодшым кажа: “Ну, браткі,
З хлапцоў мы пасмяемся,
Бо мы, браткі-баравікі,
Так лёгка не здаемся”.
Яны за намі з-пад кустоў
Паціху назіраюць,
Прыкрыўшыся крысом лістоў —
Адны другім маргаюць.
Мы ж, хлопцы, грыбнікі усе,
Не першы раз у лесе.
Мы то прысядзем, то паўзем,
А то ў гушчар залезем.
Баравікі — грыбоў цары,
Дарунак шчодры лесу.
Нібыта кажуць дзетвары:
“Што ж! Вашая ўзяла, бяры!”
Ідзем дамоў і не спяшым,
Хай сонца свеціць ярка.
Напоўніў ты, лес, нам кашы,
Пацешыў шчыра ад душы,
Табе за ўсё — падзяка!