Мураш-падарожнік
Жыў-быў на свеце мураш, які дужа марыў падарожнічаць. Аднойчы ён выбег з мурашніка і падаўся бадзяцца ў лясок.
Па лесе тым часам гуляла дзяўчынка Маша. Яна несла гасцінцы да бабулі і трымала паветраны шарык. Па дарозе Маша крышачку прытамілася і прысела на пянёк. Тое мурашок і запрыкмеціў. “Мабыць, надзвычай цікава будзе палётаць на паветраным шарыку”, – памеркаваў ён. Сказана – зроблена. Пакуль Маша адпачывала, наш герой неўпрыкмет прабраўся на паветраны шарык і затаіўся.
Адпачыўшы як след, Маша працягнула падарожжа, але тут раптоўна дзьмухнуў вецер і вырваў з рукі шарык. Шарык імкліва падымаўся ўсё вышэй і вышэй…
Мурашок назіраў, як дрэвы і лес наўкола паступова аддаляюцца і змяншаюцца ў памерах. Разглядзеў зверху нават родны мурашнік.
А ў паветры было казачна прыгожа і хораша. Шчаслівы мураш нарэшце пабачыў свет ад небасхілу да небасхілу.
— Вітаю, сонейка! — крыкнуў мураш.
— Вітаю, мурашок! — адказала сонейка.
— Вітаю, ветрык!
— Шшшш, — адказаў вецер. — І табе век жыць, не хварэць.
— Вітаю, хмарка!
— Здароў.
І з хмаркі ўлындзіў дождж.
— Вітаю, дожджык!
Аднак дождж нічога не адказаў. Ён ліў сабе і ліў, сыпаў і сыпаў, церусіў і церусіў, на ўсе лады. Шарык намок і апусціўся да зямлі, напрамкі на мурашнік.
— Ты адкуль тут узяўся? — запыталі іншыя мурашы ў таварыша-падарожніка.
І наш герой распавёў сябрам пра свае прыгоды. Яны падзівіліся, ды не паверылі.
Алесь Бычкоўскі