Асенняе
Пятница, 27.09.2019 18:10. Рубрика: Вершы
Ні ціха,
ні шпарка
плыла сабе хмарка.
Плыла
невядома
адкуль і куды,
як човен,
што повен
чысцюткай вады.
То ўправа,
то ўлева
хілілася крышку.
І вось
зачапілася
за тэлевышку.
І стала адразу
нібыта ў тумане
футбольнае поле
на нашым экране.
Дзе мяч?
Дзе вароты?
Не ведаем —
што там?
А хмарка
дажджынкамі
сыпле,
як шротам.
— Даволі!
— Плыві ўжо! —
у хмаркі
мы просім.
Ды толькі
не ўпросіш
упартую восень.