“Вясёлка”, “Буся”, “Домік” — госці “Зубраня”
У дзяцей Беларусі ёсць свая сталіца. Яна — на базе чароўнага возера Нарач. Тут штомесяц адпачываюць, мацуюць сілы і здароўе шэсцьсот дзяцей з усяе Беларусі. Апошнім часам аблюбавалі нашу блакітную сталіцу юныя сучаснікі з Расіі, Кітая, Японіі, Сірыі, Італіі, Польшчы…
Тры жнівеньскія дні гэтага лета ў Цэнтры “Зубраня” былі юбілейнымі. Споўнілася пяцьдзясят гадоў з таго часу, калі сюды заехалі першыя шчасліўцы. Падлічыце, колькі ж дзяцей пабывала за паўвека ў карпусах “Сонечны горад”, “Лазурны востраў”, “Лясны дом”, “Азёрны прычал”, “Сёмы кантынент”?..
Дэлегацыя “Вясёлкі” ўдзельнічала ва ўсіх урачыстых мерапрыемствах свята. Мы ўручалі дзецям свае выданні, чыталі з імі казкі, апавяданні, разгадвалі рэбусы. А галоўны рэдактар Уладзімір Ліпскі выступіў на Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі з хвалюючай тэмай “Дзеці і кніга”.
Удзельнікаў свята павіншаваў Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнка. Тэкст віншавання зачытаў віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка. На Плошчы Дружбы адкрыты бронзавы помнік важатага з дзецьмі.
Анастасія Радзікевіч