Жучок і Рыжык
Маленькаму чорнаму сабачку, бадай, нельга было прыдумаць больш дакладную клічку, чым тая, якой яго назваў гаспадар. Жучок — чорны бачок – лашчылі сабачку дзеці, насілі яго на руках, гладзілі. Ён на ласку адказваў ласкаю – лізаў дзіцячыя рукі, твары.
Жучок, калі і вырас, па-ранейшаму заставаўся пяшчотнаю, добрай істотаю. Здавалася, ён нават і не адчуваў сябе сабакам, так рэдка чуўся ягоны брэх.
Затое гарласты і адкормлены чырвоны певень, падобна, вельмі добра ўсведамляў, хто ён такі. Пеця-певень палічыў, што мала яму быць галавой толькі курынае сям’і і падумваў стаць гаспадаром усяго жывёльнага двара. Неяк ён відушчым вокам прыкмеціў, што, калі гарланіць сваё ку-ка-рэ-ку-у-у-у, Жучок падціскае хвост. Гэта – што ні кажыце – падбадзёрвала, і ён пачаў наступаць. Спрабаваў адбіраць у сабакі ежу, біў яго дзюбаю, лапатаў крыламі. Спачатку той агрызаўся, і ўсё ж нахабства пеўня узяло верх. Жучок не толькі не мог адганяць нахабнага пеўня, а нават канчаткова развучыўся гаўкаць. Зусім, як кажуць, скіснуў, многа ляжаў, рэдка вылазіў з будкі. З Жучка пачалі пасміхацца нават куры.
І тады адбыўся сапраўдны цуд: перад будкаю Жучка з’явіўся гаспадароў кот Рыжык.
— Мяў-мяў-мяў! — звярнуўся ён да сабакі, што азначала: “Гэй, Жу-чок!”
— Гаў-гаў-гаў? – адказаў Жучок, успомніўшы, што ён – сабака. Гэта было пытанне: “Што, мой друг?”
Рыжыку спадабалася, што сабака яго назваў другам. З той пары яны шчыра пасябравалі. Нават дзяліліся ежаю і побач грэліся на сонейку. А калі певень-забіяка наляцеў на Жучка, кот Рыжык так смела заступіўся за сябра, што кіпцюрамі выдраў тры пёркі з аднаго пеўневага крыла. Узлаваны певень хацеў адпомсціць кату Рыжыку, наляцеў на яго, а тут сабака Жучок так хапіў пеўня за другое крыло, што з яго пасыпаліся ажно пяць пёркаў. Спалохаўся Пеця-певень, што ў няроўнай бойцы можа застацца з голымі крыламі, ды, як ашпараны, кінуўся ў свой куратнік.
— Ко-ко-ко! – не маўчалі куры. Цяпер яны смяяліся з задзірыстага Пеці-пеўня. Іхняе ко-ко-ко азначала: ха-ха-ха!
Вялікі дзякуй за прыгожую казку!
Дзецям яна вельмі спадабалася.
Пры магчымасці прашу перавесці слова «друг» у тексце на беларускую мову.