Родны край — вандруй і пазнавай
Дарагія чытачы! Жнівень, апошні летні месяц, кліча мяне, вашага любімага Бусю, у дарогу. Мае сябры-буслы адлятаюць у вырай, а я застаюся тут, з вамі, і прапаную разам выправіцца ў найцікавейшае падарожжа па роднай зямлі.
А як мы даведаемся, дзе што знаходзіцца цікавага, і галоўнае — як туды патрапіць? Нам у дапамогу ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” выйшлі два “Дзіцячыя атласы Беларусі”. Адзін з іх распавядае пра замкі, крэпасці і бажніцы нашага краю, другі — пра легенды і паданні, звязаныя з гарадамі і мястэчкамі. Помнікі беларускай даўніны адкрывае для нас пісьменнік, гісторык Яраш Малішэўскі, а легенды і паданні сабраў і патлумачыў нам журналіст і літаратар Дзмітрый Пятровіч.
Цяпер, маючы ў руках даведнікі з ілюстрацыямі, мы будзем ведаць, як выглядае, напрыклад, помнік Усяславу Чарадзею ў Полацку, або якія ёсць цэрквы, музеі і археалагічныя знаходкі на Тураўскай зямлі. І адкуль узяліся назвы Гальшаны ці Лунінец. Узброіўшыся ведамі — наперад, да новых адкрыццяў!
Ваш Буся