Пшанічны каласок
Беларуская народная казка
Дзейныя асобы:
А п а в я д а л ь н і к
К у р а ч к а
Г у с а к
І н д ы к
А п а в я д а л ь н і к: Жылі на адным двары курачка, гусак ды індык. Курачка даглядала сваіх куранятак, грэблася на сметніку, шукала зярнятак. А гусак і індык толькі шпацыравалі ўзад і ўперад па двары, як важныя паны, ды заўсёды вялі між сабой спрэчкі аб тым, хто з іх важнейшы і разумнейшы. Аднаго разу знайшла курачка каля плота пшанічны каласок. Зарадавалася, засакатала на ўвесь двор:
К у р а ч к а: Ко-ко-ко! Глядзіце, які цудоўны каласок я знайшла!
А п а в я д а л ь н і к: Гусак ды індык тут як тут.
І н д ы к: Так, так, каласок і праўда цудоўны. Трэба яго змалаціць.
К у р а ч к а: Добра. А хто яго змалоціць?
Г у с а к: Толькі не я!
І н д ы к: І не я!
К у р а ч к а: Ну добра, сама змалачу.
А п а в я д а л ь н і к: Пайшла яна на ток, узяла цэп і змалаціла пшанічны каласок.
Г у с а к: Трэба іх змалоць ды булкі спячы!
К у р а ч к а: Добра. А хто змеле пшанічныя зярняткі?
Г у с а к: Толькі не я!
І н д ы к: I не я!
К у р а ч к а: Ну што ж, калі так, то давядзецца мне самой ісці ў млын.
А п а в я д а л ь н і к: Усыпала яна зярняткі ў торбачку і панесла ў млын. Там змалола і прынесла муку дахаты.
К у р а ч к а: Ну, а хто спячэ з гэтай мукі булкі?
Г у с а к: Я не ўмею.
І н д ы к: Я хоць і ўмею, ды не хачу. Няхай гусак пячэ.
К у р а ч к а: Ну, добра, тады я сама спяку.
А п а в я д а л ь н і к: Знайшла яна пад паветкаю дзежачку і рашчыніла цеста. Потым накалола дроў і запаліла ў печы. Калі цеста падышло, курачка нарабіла круглых прыгожых булак і пасадзіла іх на лапаце ў печ. Булкі пачалі пячыся. I такі прыемны пах пайшоў ад іх па ўсім двары, што ў гусака і індыка аж слінкі пацяклі. Прыйшлі індык з гусаком у хату. А там курачка булкі з печы дастае. Мяккія, румяныя, пахучыя.
І н д ы к: Так, так, якраз у пару прыйшлі.
Г у с а к: Ага, ага!
А п а в я д а л ь н і к: Гусак заківаў галавою і першы падаўся за стол. Індык за ім.
К у р а ч к а: Чакайце! Не спяшайцеся, панове! Хто пшанічны каласок знайшоў?
І н д ы к ды Г у с а к: Ты, курачка, вядома, ты знайшла.
К у р а ч к а: Хто змалаціў каласок?
І н д ы к ды Г у с а к: Ты, курачка, змалаціла.
К у р а ч к а: Хто зярняткі ў млын насіў?
І н д ы к ды Г у с а к: Ты насіла…
К у р а ч к а: А хто дровы сек, у печы паліў, пшанічныя булкі пёк?
І н д ы к ды Г у с а к: Ты, вядома… За гэта табе і слава.
К у р а ч к а: Дык вось, каму слава, таму і булкі. А вы, гультаі, ідзіце прэч адсюль! Ко-ко-ко! Дзеткі, бяжыце сюды хутчэй.