Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Белавежская пушча — помнік даўніны,
старэйшы прыродны лес Еўропы.
На плошчы ў 85 тысяч гектараў
зберагаецца дзіва і цуд мінулых вякоў.
Тут растуць дубы, якім па 500 гадоў.
Уявіце, што бачылі яны, што чулі
за свае шумлівыя стагоддзі.
Тут жыве цар звяроў —
белавежскі, магутны зубр.
Буры, грывасты, рагасты, з барадой.
Моц, дужасць, веліч у яго абліччы.
Але ён спакойны, памяркоўны,
толькі яго не чапай, не злуй.
Ёсць елкі вышынёй да 50 метраў.
Каля адной з іх пабудаваны маёнтак
беларускага Дзеда Мароза.
Пад Новы год наш Дабрадзей
атрымлівае тысячы віншаванняў, пажаданняў
з усіх гарадоў, вёсак Беларусі.
Добры Дзед Мароз шчодра прымае гасцей,
знаёміць з сваімі ўладаннямі.
Слугуюць яму лясныя гіды —
высакародныя алені, хутканогія казулі,
спакойныя ласі, шустрыя вавёркі
ды, безумоўна ж, мудрыя, векавыя
зубры — сэрца прыроднага помніка.
Белавежская пушча — чароўная казка лесу.
Тут безліч пеўчых птушак.
У кожнай — свая песня.
Слухайце, наталяйцеся ляснымі канцэртамі!
Пабываць у Пушчы — гонар і абавязак
кожнага Беларуса, кожнага нашага госця.
Уладзімір Ліпскі
Лясная казка Беларусі
Векапомны лес Белавежскай пушчы ахоплівае дзве беларускія вобласці — Брэсцкую і Гродзенскую. Уявіце сабе зямельную меру гектар. Дык Пушча ўбірае ў сябе 85 тысяч гектараў. А калі кожны з іх — сваеасаблівы раздзел жывой казкі, то колькі ж гадоў можна чытаць гэту кнігу!
У Пушчы ёсць музей, вальеры, гасцявыя домікі, магазіны сувеніраў. Там працякаюць рэкі Нараў, Рудаўка, Гвозна, Лясная, Белая. Ёсць шмат азёраў, бароў, бярэзнікаў, ельнікаў, дубнякоў. І ўсё гэта — некранутая прырода. Там сустрэнеце Цішыню, Таямнічасць, Загадкавую Вечнасць. Спяшайцеся стаць нястомнымі адкрывальнікамі сваёй Айчыны.
Дамашнія заданні
- Чаму наша дзяржава ўзяла пад ахову Белавежскую пушчу?
- Што робяць вучоныя ў Пушчы — геабатанікі, дэндролагі, глебазнаўцы, заолагі?
- Ці праўда, што аднойчы ўсіх зуброў адстралялі паляўнічыя? Хто яны былі?
- Калі вы ўжо вандравалі па Пушчы, дашліце ў “Вясёлку” свае малюнкі, вершы, апавяданні, казкі.