Нулёк
Казкі-забаўлянкі пра літары
Нехта некалі нёс ношку некалак. Нёс, нёс ды неданёс некалькі некалак. А дзетсадавец Нулёк назбіраў іх. Нямала дзён мінула, і Нулёк стаў нязнайкам — непаседлівым, непаслухмяным.
Нялёгка выхавацельцы Ніне Нічыпараўне:
— Нулёк, напішы Н.
— Не ўмею.
— Назаві, Нулёк, дзяцей, імёны якіх пачынаюцца з Н.
Насця, Ніна, Надзя, Ніка, Нора, Нюра, Нюся намякаюць на сябе. А Нулёк некае:
— Не знаю.
— Намалюй, Нулёк, незабудкі.
— Неахвота.
— Нулёк, колькі ножак у сараканожкі?
— Не ведаю…
Ну і Нулёк, ну і нязнайка!
Насунулася аднойчы навальніца.
На небе — ноч. Нічога наўкол не бачна. Нейкі насаты нячысцік наваліўся на Нулька, насміхаецца:
— Нязнайка-нулевічок, назбіраў некалак незнарок!..
— Ратуйце мяне!.. — нечакана захныкаў Нулёк.
Нюра, Нюся, Насця, Навум адказваюць нязнайку ягонымі ж надакучлівымі некалкамі:
— Не можам!.. Не хочам!.. Не будзем!.. Не ўмеем!.. Не жадаем!.. Не і не!..
Навальніца бушавала. Насаты нячысцік зноў наваліўся на небараку. Нулёк шпурнуў у назолу адну некалку. Грымнуў пярун у небе. Кінуў новую — промні сонца наўкол. Ну і выкінуў праз акно некалі сабраныя некалкі. Не нарадуецца Нулёк, не нацешыцца!
— Ніна Нічыпараўна, не буду ніколі некаць. Сорамна!
Нулёк ахвотна піша Н. Незабудкі намаляваў. Знайшоў Н у імёнах Насці, Ніны, Надзі, Нікі, Норы, Нюры, Нюсі. Налічыў сорак ножак у сараканожакі…
Малайчына Нулёк!
Уладзімір Ліпскі