Драч узяўся лыка драць…
Четверг, 5.09.2019 21:23. Рубрика: Вершы
Як вярнуўся з поўдня драч,
Не спачыў і троху:
— Тр-р-рэба бр-р-рацца
Лыка драць,
Думаць пра дар-р-рогу.
Лапці новыя спляту —
Я ў іх восенню пайду
Зноў у кр-р-рай
Той, дзе цяплей,
А ў лапцях ісці — лацвей!
І таму ён, рупны птах,
Нават ноччу на нагах —
Бегае, шукае; дзе
Вербалоз, ліпняк расце,
Дзе б, з чаго б
Кару злупіць?..
Каб не спалася, скрыпіць.
Сон да рання не бярэ.
Лыка лета ўсё дзярэ.
Навіной нас, драч, усцеш:
Калі лапці ўжо спляцеш?
Калі кінеш лыка драць,
Ноччу нам дасі паспаць?
Мікола Чарняўскі