Ліса і Мядзведзь
Не май сто рублёў, а май сто сяброў
Казка
Жылі ў лесе Ліса і Мядзведзь. Ліса была прагная і злая, а Мядзведзь — добры, усім дапамагаў, з усімі сябраваў. Аднойчы яны гулялі разам і знайшлі гаршчок з мёдам.
— Мой мёд! — закрычала Ліса і схапіла гаршчок.
— Чаму? — здзівіўся Мядзведзь. — Мы ж разам яго знайшлі.
Рушылі яны да Мудрага Філіна і расказалі, у чым справа.
— Не май сто рублёў, а май сто сяброў! — прамовіў Мудры Філін.
Мядзведзь падумаў і махнуў лапай.
— Ведаеш, Ліса, забірай сабе гэты гаршчок, — сказаў ён. — Не хачу я сварыцца з-за нейкага там мёду!
— Ат, дурань Мядзведзь! — засмяялася Ліса і ўцякла, зносячы з сабой гаршчок з мёдам.
Праз некалькі дзён Мядзведзь трапіў пад дождж і прастудзіўся. Мядзведзь ляжаў у бярлозе і толькі чхаў i стагнаў — так яму было дрэнна. Усе звяры ў лесе захваляваліся і пабеглі дапамагаць. Вавёркі і вожыкі прынеслі маліны, зайцы — заечую капусту. А пчолы прынеслі цудоўны мёд — аднойчы Мядзведзь выратаваў іх каралеву, і яны не забылі пра гэта. Мурашы зрабілі прымочкі з лісця з мурашынай кіслатой. Калі Мядзведзю абляпілі нос гэтым лісцем, ён вельмі гучна чхнуў. А прастуда спалохалася, выскачыла і кінулася наўцёкі. Яна ўцякла так далёка, што больш у гэтым лесе пра яе ніхто ніколі не чуў.
Ліса, убачыўшы, як усе клапоцяцца пра Мядзведзя, вырашыла прыкінуцца хворай.
— Мне тады таксама прынясуць усялякіх прысмакаў! — вырашыла яна.
Але колькі Ліса ні стагнала ў сваёй нары, да яе ніхто не прыйшоў.
— Ну і няхай! — чмыхнула Ліса. — Затое ў мяне ёсць гаршчок з мёдам!
Сунула яна нос у гаршчок, а там пуста — увесь мёд ужо з’едзены!
Эльвіра Вашкевіч