Ліса і жабы
У страху вочы вялікія
Казка
Неяк Ліса паскардзілася Мудраму Філіну, што зайцы сталі бегаць вельмі хутка.
— Яны стануць бегаць яшчэ хутчэй, — прадказаў Мудры Філін.
— Дык што ж мне цяпер, жаб лавіць? — абурылася Ліса.
— Ква! — спалохана сказала Жаба, якая сядзела пад шырокім лістом лапуха. — Ліса будзе на нас паляваць!
Яна выбралася з лапухоў і паскакала да цёмнай сажалкі на краі лесу. Гэтая сажалка лічылася самым бяспечным месцам, у ёй усё апалонікі ператвараліся ў жаб, а потым разбягаліся хто куды.
— Ратуйцеся! — крычала Жаба па дарозе. — Ліса будзе паляваць на жаб!
Усе жабы кінуліся да цёмнай сажалкi. Іх было так шмат, што яны ледзь не выпіхнулі адтуль усю рыбу. Жабы сварыліся і біліся за найлепшае месцейка. І тады Старая Жаба адправілася да Мудрага Філіна.
— Праўда, што Ліса збіраецца на нас паляваць? — спытала яна.
— У страху вочы вялікія, — адказаў Мудры Філін.
Старая Жаба падумала і спытала яшчэ:
— Значыць, лісе да нас справы няма?
— А навошта вы ёй? — здзівіўся Мудры Філін. — Ліса не есць жаб.
Даведаўшыся пра гэта, жабы зноў разбегліся па лесе — па раўчуках, балацінках і нават вялiзных лужынах. А Старая Жаба засталася каля Цёмнай сажалкі. Яна сядзела і глядзела на захад сонца.
— Як прыгожа, — уздыхнула Старая Жаба.
— Сапраўды, — сказаў нехта побач, і Старая Жаба ўбачыла Лісу.
Так яны сядзелі побач і любаваліся захадам. А калі на небе запаліліся зоркі, Ліса сышла, а Старая Жаба засталася — у гэтую ноч была рэпетыцыя жабінага хору, і яна ні за што не хацела прапусціць такую падзею.
Эльвіра Вашкевіч