Вершы на памяць
Вторник, 27.08.2019 18:00. Рубрика: БУСЯ
Леанід Шырын
Цыбулька
Лета цэлае
Цыбулька
Працавала,
Аж пацела.
Сто сукеначак
Прыдбала
І адразу ўсе
Надзела.
Сяргей Грахоўскі
Вырас ураджай
Жнівень ходзіць па зямлі
Аграномам дбайным,
Пасылае на палі
Новыя камбайны
I гаворыць:
— Нагружай
Кузавы да неба,
Вырас добры ўраджай,
Будзе многа хлеба.
Ніна Мацяш
Далей ад бяды
— Буслік, буслік, ты куды?
— Уцякаю ад бяды.
Жабіна малота
Гоніць прэч з балота:
Жабак, можа, з дзвесце —
Хочуць мяне з’есці!
Я ўжо сам не рады,
Што стаптаў ім грады…