Вожыкі. Гісторыя чацвёртая
Спаборніцтва
Стэфан прачнуўся зарана і адразу ж пабег у ложак да бацькоў.
— Тата, мама, прачынайцеся! Мы спознімся!
— Стэфанчык, — спрасонку адказала мама, — мы нікуды не спознімся, яшчэ вельмі рана. Нават сонейка не ўзышло, кладзіся ў ложак і паспі яшчэ.
— А калі клубочкі?
— Аб адзінаццатай усё пачнецца. Кладзіся.
Маленькі вожык праплішчыўся ў бацькоўскі ложак, але ніяк не мог заснуць. Ён круціўся, штурхаўся і не даваў бацькам спаць. Потым устаў і паблындаўся па пакоі. Усё праз хваляванне. Бо на такім мерапрыемстве ён будзе ўпершыню. Нарэшце малы прылёг і задрамаў на фатэлі-гушкалцы.
Праз сон Стэфан пачуў голас таты Рыгора:
— Прачынайся, мармасёнак мой! Прачынайся, Стэфан, час збірацца!
— Я так хачу спаць!
— Давай, Стэфік, давай, ты ж так хацеў паўдзельнічаць! Падымайся, сыночак.
Вожык неахвотна пачаў апранацца.
Па дарозе на пляцоўку Стэфан ішоў павольна, ледзьве перастаўляючы кволыя лапкі, два разы ледзь не ўпаў. Калі яны прыйшлі, палова трыбун была занятая, маленькага вожыка пасадзілі блізка старога магутнага дуба. Пакуль Стэфан чакаў першага раўнду, вочкі самі сабой заплюшчыліся, і вожык скаціўся пад дрэва і соладка задрамаў.
Ён прысніў, як тата з мамай хутчэй за астатніх звяроў скруціліся ў клубочкі, а Стэфан абышоў усіх малодшых і старэйшых за яго зверанят, а потым яны ўсёй сям’ёй узняліся на п’едэстал. Раптам хлопчык-вожык аступіўся і паляцеў долу. У наступнае імгненне ён расплюшчыў вочы і ўбачыў, што тата Рыгор тузае яго за плячо.
— Ты куды знік, сыночак? Мы пачалі хвалявацца, паўсюль шукалі цябе. Як ты апынуўся пад дубам?
— Не памятаю, татачка, я проста заплюшчыў вочкі, і ўсё.
— Ты — мой маленькі жэўжык, — пацалавала яго матуля.
— Я што, праспаў? — ледзь не расплакаўся Стэфан.
— Ты не праспаў самае галоўнае — узнагароджанне, — супакоіў яго тата Рыгор.
— Першае месца. Запрашаем тату і маму Вожыкаў! — пачулася аднекуль зверху.
— Хадзем, Стэфан, хутчэй! Гэта наша з табой перамога! — сказалі тата з мамай.
Мама Агнія ўзяла малога на рукі, і яны рушылі да п’едэстала.
Тату з мамай уручылі медалі, упрыгожылі іх вянкамі з вязу і падарылі колькі нізак грыбоў.
— А гэта табе, — сказаў вядоўца-ліс і працягнуў Стэфану шакаладны медаль.
У вожыка загарэліся вочы, ён усміхнуўся і адкусіў палову сваёй узнагароды.
А потым усе пайшлі ў госці да таты Рыгора і мамы Агніі.
У вожыкаў была такая традыцыя: ў суботу пасля спаборніцтваў і па святочных днях яны збіраліся на Падлеснай і пілі смачны збіцень, прыгатаваны татам Рыгорам. Такога смачнага напою больш ніхто не ўмеў варыць.
Алесь Емяльянаў-Шыловіч