Непаслухмянае куранятка
Жыло-было куранятка — маленькае, жоўценькае і непаслухмянае такое! Ніяк матулю слухаць не хацела.
Аднойчы ўранку матуля-курачка сабралася да суседкі ў госці і загадала куранятку, каб тое нікуды з дому не выходзіла, і нават кошкаю Муркаю яго прыстрашыла. Ды хіба куранятка паслухалася? Яно ж было непаслухмянае! Дык вось, як толькі матуля пайшла, яно выбегла на двор, пад вароты пралезла і хутчэй паспяшала на рэчку.
Бяжыць куранятка, бачыць, — з агароду кот, ды такі вялізны, як скочыць цераз плот і следам за ім як кінецца! Што тут рабіць? Спалохалася куранятка, прыбавіла ходу і назад азіраецца. Добра, што насустрач гаспадарскі шчанюк выбег, які забрахаў на ката. Той ускочыў на дрэва, выгнуў спіну дугой, зашыпеў. Яшчэ больш спужалася куранятка і далей прыпусціла. Само не заўважыла, як збілася з дарогі. І рэчкі не відаць.
Тут як тут хітруння-ліса на сцяжынцы паказалася. Хвосцікам павяла ды кажа:
— Якое ты прыгожае, куранятка, маленькае, жоўценькае! Куды так спяшаешся?
— Я заблукала, — прызналася куранятка.
— Гэта не бяда, зараз я табе дапамагу. Хадзем да мяне ў госці, адпачнеш, я цябе ласункамі пачастую. Пасля і матулю тваю паклічам. Ох і смачнае сняданне ў мяне будзе!
Куранятка раней ніколі не бачыла лісу, не ведала, што тая падманшчыца, і пагадзілася.
Прывяла яго ліса ў свой домік, пасадзіла пад печку і кажа:
— Вось зараз я печку запалю, куранятка абскубу і прыгатую сабе сняданне, а затым на вячэру злаўлю курачку.
Сядзіць куранятка пад печкаю, плача, а што зробіш? Вылезці не можа.
Вярнулася дадому матуля-курачка… Няма кураняткі.
Пытаецца яна ў ластаўкі:
— Ці бачыла ты, дзе маё дзіцятка?
— Бачыла, яно ў поле пайшло.
Пабегла курачка ў поле. Глядзіць — а кураняткі няма. Пытаецца яна ў бусла:
— Ці бачыў ты маё дзіцятка?
— Бачыў, — адказаў бусел, — яго завабіла да сябе ліса.
— Ох, бяда, ох, бяда! — заплакала курачка. — Дапамажы, буслік, дай параду, як мне маё дзіцятка выратаваць?
— Звярніся да чалавека, — прапанаваў буслік.
Пабегла курачка на луг да касца, распавяла ўсё, як ёсць. Узяў касец рыдлёўку, раскапаў лісіную нару, вызваліў куранятка і кажа яму:
— Кожнае дзіця павінна сваю маці слухацца, іначай будзе бяда.
— Буду слухацца! — паабяцала куранятка.
З таго часу ходзіць яно за мамай след у след і нікуды не ўцякае, а калі пабачыць ката або сабаку — пад крылом у курачкі хаваецца.
Пятро Раманенка