Крыўда
Среда, 14.08.2019 12:46. Рубрика: Вершы
— Ты адкуль з такім уборам,
Ты з якой Аўстраліі?
— Я з-пад нашае Дукоры,
Дзе не раз бывалі вы.
Дзе разлом пластоў крутых,
Не гасцямі чуемся:
Там у норках земляных
Мы жывём-гняздуемся.
Не кар’ер, а інтэрнат!
Ды з асобай службай:
Колькі сем’яў – столькі хат,
Па-суседску дружных.
Марна мы не бавім час,
Ловім шэршняў, мушак.
Ды загана ёсць у нас
З крыўднаю мянушкай.
Быццам мы палюем спрэс
На ласунак з пчоламі.
Дык жа не! Наш інтарэс —
Заедзь незлічоная.
І ў мяне гады-ў-дзянькі
З пчол спажытак рэдкі.
А жыву з кляймом такім:
Шчурка-пчалаедка.
Васіль Зуёнак