Добрая феечка
Пралятаючы над бярозовым гаем, Добрая фея спакусілася яго светлай гожасцю і цёплым водарам лясных зёлак. Яна прызямлілася на ўскрайку невялікай палянкі і ўтульна ўладкавалася пад цяністым дрэвам. Раптам на блакітную зіхоткую спадніцу Добрай феі з дрэва ўпаў махнаты тлусты вусень. А трэба сказаць, што гэтая фея вельмі і вельмі баялася махнатых вусеняў. На шчасце, не паспела яна і войкнуць, як на спадніцу апусцілася маленькая шэрая птушка і ў імгненне здзяўбла вусеня. Здзяўбла, ухапіла галінку, відаць, для будучага гнязда і ўжо наважылася ляцець далей.
– Чакай, чакай, птушачка! – спыніла яе Добрая фея. – Як жа мне аддзячыць цябе?
Падумала імгненне і вырашыла:
– Ператвару-ка я цябе ў Добрую феечку!
Кінула на птушачку сваё пакрывала, зняла, а замест птушачкі на лясной палянцы ужо стаіць зграбненькая Добрая феечка. Замест шэрага апярэння – серабрыстая сукенка, замест вострых цёмных крылаў – круглявыя празрыстыя крыльцы, замест галінкі для гнязда – чароўная палачка.
– І што ж мне цяпер рабіць? – пытаецца Добрая феечка ў Добрай феі разгубленым, але, без сумневу, задаволеным голасам.
– Добрыя справы, натуральна! – спагадліва ўсміхаецца Добрая фея.
– А як і дзе іх рабіць?
– Як – гэта павінна падказаць табе тваё сэрца. А дзе, магу і я падказаць. Ляці ў бліжэйшы горад. Там для нас, фей, спраў – нераспачаты край.
Паслухалася Добрую фею Добрая феечка, прыляцела ў бліжэйшы горад. Апусцілася на дах высачэзнай будыніны – наўкол азіраецца. Гмахаў – бы дрэў у лесе. “Перш чым за добрыя справы брацца, трэба з жыллём уладкавацца”, – мяркуе Добрая феечка. Бачыць, на другім канцы даху галка нейкую скарынку дзяўбе. Падляцела Добрая феечка да галкі, просіць на птушынай мове (балазе, не забылася яшчэ):
– Падкажыце, калі ласка, спадарыня, дзе ў вашым горадзе прыстойны прытулак можна знайсці.
Галка вельмі ўсцешылася, што такая прыгажуня па параду да яе звяртаецца. Таму не вагаючыся адказала:
– Бачыце вунь той доўгі дом уздоўж ракі з невялікай вежкай на даху? Дык вось, у вежцы гэтай ніхто не жыве. Чым не прыстойны прытулак! Магу правадзіць.
Падляцелі яны да вежкі, зазірнулі праз бруднае акенца. Узмах чароўнай палачкі – і Добрая феечка ў сваім новым гняздзечку. Другі узмах – і розныя неахайныя скрыні, дошкі, паперкі знікаюць з будучага феечкавага жытла. А далей… далей ўжо трэба грунтоўна меркаваць. Як абсталяваць пакойчык? Чым аздобіць? Трэці асцярожны ўзмах – і ля сценкі насупраць акенца, ужо, вядома, не бруднага, з’яўляецца прыгожая ружовая канапка.
Села Добрая феечка на ружовую канапку, засяродзілася: над будучым інтэр’ерам мазгуе. Ужо і змяркацца пачало – на шчасце, чароўная палачка яшчэ і святлівай аказалася. Раптам – грук у дзверы. Здзівілася Добрая феечка, аднак адчыніла. На парозе стаялі віхурысты хлопчык з павадком у руках і лахматы сабачка без павадка.
– Пайшоў Джэка выгульваць і адразу заўважыў святло ў вежцы. А тут ніколі святла не было, – з парога паведаміў госць і з цікаўнасцю азірнуўся. – Я Паўлюк. А вы хто?
– А я Добрая феечка.
– Здорава! І што будзеце тут рабіць?
– Добрыя справы, вядома ж.
– Дык, можа, вы майго сябра Федзьку вылекуеце? Лета, канікулы, а ён сядзіць дома са зламанай нагой.
– Зараз аніяк не магу. Часу зусім няма! Трэба падумаць, якая мэбля мне спатрэбіцца, як яе расставіць у гэтым цеснаватым пакойчыку.
– Зразумела… – крышачку расчаравана працягнуў Паўлюк. – Тады да пабачэння!
– Да пабачэння! – ласкавым голасам адказала Добрая феечка і зноў уселася на ружовую канапку.
За наступны дзень у вежцы з’явіліся круглы стол, чатыры крэслы, вялікае люстра ў белай з залатым раме, умяшчальная шафа. Стаміўшыся ад гаспадарскіх клопатаў, Добрая феечка апусціла чароўную палачку. І тут зноў пастукалі ў дзверы. На парозе зноў стаялі Паўлюк з павадком у руках і яго Джэк без павадка.
– Прывітанне! Як тут хораша стала! А ведаеш, Добрая феечка, у нашым па’ездзе на першым паверсе жыве бабуля Ганна. Яна зусім адзінокая і апошнім часам ўвогуле перастала ўсміхацца. Але я ведаю, што б ёй вярнула ўсмешку. Неяк бабуля Ганна прызналася маёй маме, што больш за ўсё сумуе па піяніна. Сваё яна вымушана была прадаць, каб аплаціць лячэнне. Дык можа ты магла б, як гэтыя крэслы, стол, шафу…
– На жаль, пакуль што не магу – няма часу. Мне ж яшчэ трэба гэтую шафу запоўніць строямі, у якіх годна Добрай феечцы з’явіцца на людзях.
– Шкада! – расстроена сказаў Паўлюк і скіраваўся разам з Джэкам уніз па лесвіцы.
А Добрая феечка, шчыльна запоўніўшы разнастайнымі ўборамі шафу, вырашыла размясціць побач з ёй яшчэ і камоду.
– На сёння хопіць, – задаволена абвясціла яна самой сабе, легла на ружовую канапку і накрылася ружовай коўдрачкай.
Першай ранішняй думкай Добрай феечкі была: “А ці дарэчы побач з шафай камода?” Узмах чароўнай палачкі – і няма ў пакоі камоды. “Але ўсё ж прыгожая была камода …” Узмах чароўнай палачкі – і камода спрытна ўціснута паміж двух акенцаў вежкі. Аднак не паспела Добрая феечка прыняць канчатковага рашэння наконт камоды, як у пакой без груку і нават без прывітання ўляцеў узрушаны Паўлюк з павадком у руках.
– Згубіўся Джэк! Ён жа зусім шчанё! Я ледзь угаварыў бацькоў купіць яго! Ён яшчэ не ведае наш раён! А ў нас так шмат машын і злых вялікіх сабак! Дапамагі адшукаць Джэка, Добрая феечка!
– Прабач, калі ласка, Паўлюк, але не паспею аніяк. Сёння я запланавала заняцца аздабленнем майго пакойчыка. Бачыш, вокны без фіранак, сцены без карцін, ды і камода без адзінай вазачкі. Не, няма калі мне займацца пошукамі твайго Джэка.
– Ты ж казала, што хочаш рабіць добрыя справы!
– Вядома, хачу.
– Калі Добрая фея хоча рабіць добрыя справы, але ў яе на іх пастаянна не хапае часу, то яна – ніяк не Добрая фея.
– Што ж – злая? – самаўпэўнена спытала Добрая феечка.
– Мо, і не злая… – памяркоўна адказаў Паўлюк. – Проста ніякая – ніякая не фея.
– А хто ж?
Добрая феечка звыкла павярнулася да вялікага люстра ў белай з залатым раме. А там – маленькая шэрая птушка з галінкай у дзюбе. Узмахнула птушка крыламі і вылецела праз акенца з так і не павешанымі фіранкамі.
Паўлюк пачухаў патыліцу і, пераскокваючы праз прыступкі, пабег шукаць Джэка.
Галіна Пшонік