Як малпы згубілі М
Вторник, 23.07.2019 09:11. Рубрика: БУСЯ, Калонка галоўнага рэдактара
Казка-забаўлянка пра літары
Мама Малпа малола муку. Малпяняты Мікі і Мукі памагалі. Мікі — мукамол. Мукі — мукасей.
Мала-памалу змалолі мяшок мукі.
У Мікі — мазалі, мармыча:
— Мука малоць муку.
Малпяня Мукі тармосіць маму:
— Мама, хачу марожанае.
— Малайцы! Дам вам марожанае і мармеладу. Мыйцеся!
Мікі і Мукі мылі мылам мордачкі. Мылі, мылі і вымылі М. Без М Мікі стаў Ікі, а Мукі — Укі.
Укі, Укі!.. Ікі, Укі!.. — Малпа шукае малпянят.
А малпяняты на магноліі ловяць М. Мама Малпа памагае Мікі і Мукі. Мітусяцца малпы, мармычуць:
— Мы эм ам! Мы эм ам!..
Без М малпіна мова незразумелая:
— Ы-э а!.. Ы-э а!..
Уладзімір Ліпскі