Я тут жыву (працяг)
Займальныя вандроўкі па Беларусі
Прыпяць — старажытная водная дарога.
Край лясоў, балот, лугоў, запаведнікаў.
Гэта рака — палескі скарб,
наша гісторыя, дзіва, багацце.
Як кравяносны сасуд,
яна дорыць усяму Палессю
сваю нястомную энергію.
Па яе спакойных хвалях
бясконцым ланцугом цягнуцца
пасажырскія, грузавыя судны —
ажно на пяцьсот кіламетраў.
На берагах ракі, як помнікі,
стаяць гарады Пінск, Тураў,
Петрыкаў, Мазыр, Нароўля.
У іх ёсць порты, прыстані.
А каля вёскі Юркавічы
адкрыта стаянка першабытных людзей.
Яны жылі каля сваёй ракі
дваццаць тысяч гадоў назад.
У водах Прыпяці вольна пачуваюць
шчупакі, язі, ляшчы, самы…
У навакольных лясах гаспадараць
ласі, алені, касулі, лісы, зубры…
Тут вольна крыляюць, гняздуюцца
дзвесцепяцьдзесят відаў птушак.
Уладзімір Караткевіч дзівіўся:
“Ледзь не на кожнай палескай хаце
ляскае дзюбай жывы, вольны бусел…”
Прыпяць — рака дзвюх краін-суседак.
Выток яе на ўкраінскай Валыні.
Далей сваім блакітным поясам
пралягае па Брэстчыне, Гомельшчыне.
Уперадзе, на Кіеўскай зямлі, —
кідаецца ў пяшчотныя абдымкі
з магутным волатам Дняпром.
Разам яны ўліваюцца
ў бязмежныя воды Чорнага мора.
Хто на Прыпяці не пабываў,
той чароўнага Палесся не пазнаў.
Уладзімір Ліпскі