Справімся без супергерояў!
Як сябе памятаю, я быў упэўнены, што свет трымаецца на супергероях. Уяўляў сабе магутных асілкаў, якія з дапамогай звышсілаў ратуюць планету і чалавецтва. А што я? Я ж не супергерой, я звычайны школьнік. А тут прыносіць паштальён часопіс “Вясёлка”. Мой чатырохгадовы брат Мішка, як смала, прыляпіўся да мяне: пачытай ды пачытай!
Ого! Мэты Устойлівага Развіцця… Інфармацыя якраз для супергерояў. Чым больш я заглыбляўся ў старонкі, тым больш разумеў, што ўсё геніяльнае — проста. Не абавязкова быць супергероем, каб паўдзельнічаць у выратаванні планеты. Што можа быць прасцей, чым своечасова выключаць святло дома? Мыцца не ў ванне, а прымаць душ? Смецце — пластык, паперу і шкло — сартаваць асобна? Пластыкавыя пакеты выкарыстоўваць меней. Купляць і гатаваць роўна столькі, колькі патрэбна, каб лішнія прадукты не псаваліся. Хіба гэта так складана?
Калі гэтыя простыя правілы будзем выконваць не толькі мы з Мішкам, але і нашы сябры, знаёмыя, ды яшчэ і дарослыя далучацца да нас, — то ніякія супергероі нам не спатрэбяцца. Мы справімся самі!
Не ведаю, як вы, а мы з Мішкам вырашылі ратаваць планету ўжо сёння. Зараз прымем душ, выключым святло і ляжам спаць. Дабранач, планета!
Іван Апалонік, 12 гадоў, ДУА “Гімназія № 1 г. Навагрудка”