Вечны салдат
Понедельник, 2.05.2011 22:25. Рубрика: Вершы
Дыміліся пажарышчы яшчэ,
А Перамога стала майскім святам.
Не выцер ён тады, у сорак пятым,
Слязу скупую на сваёй шчацэ,
Не змыў зямлю акопную ў рацэ.
На месцы тым, дзе падаў з аўтаматам,
Падняўся потым бронзавым салдатам,
Падняўся ўжо – са сцягам у руцэ.
Дзе хлопцы з роты? Дзе з вадой біклажка?
Стаяць вось так і бронзаваму цяжка.
І хочацца, пачуўшы жаўрука,
З мінулага вярнуцца, як з разведкі, –
І ўзяць на рукі госця-хлапчука,
Які прынёс яму жывыя кветкі.
Мікола Маляўка