Паважай сяброў
Сапраўдная казка
Лес быў несапраўдны. Маленькія цацачныя дрэвы былі пластмасавыя. І звяры былі несапраўдныя і маленькія: драўляны тыгр, жалезны воўк, пластмасавы слон. Хлопчыку па імені Кастусь зусім не хацелася гуляць са сваімі цацачнымі сябрамі. Кастусь сядзеў сумны. Была нагода. Нейкая непрыгожая гісторыя атрымалася з Толікам з сёмай кватэры. Той на пару гадоў старэйшы. Сапраўдны хітры ліс — нейкім чынам выпрасіў у Кастуся камп’ютарную прыстаўку. А прыстаўка — дзевяцігадовага брата Арцёма. Яму падарылі на дзень народзінаў, а зараз ён паехаў у санаторый. Як нейкая цемра наступіла, калі Толік угаворваў — Кастусь забыўся і каму належыць прыстаўка, і пра тое, што гэта падарунак. Як цяпер быць? Толік ні за што не аддасць прыстаўку назад!
Раптам усё вакол стала павялічвацца, а Кастусь чароўным чынам пачаў змяншацца. Да такой ступені, што, апынуўшыся ў пластмасавым лесе, ён убачыў высокія дрэвы — такой вышыні, як і сапраўдныя. З-за дрэваў нечакана з’явіліся Драўляны Тыгр, Жалезны Воўк і Пластмасавы Слон. Што гэта менавіта яны, ягоныя цацкі, хлопчык вызначыў беспамылкова – у Тыгра аблупілася фарба з левага боку, у Ваўка была крыху пагнутая пярэдняя лапа, а ў Слана пагрызены хвост.
Драўляны Тыгр спытаўся: “Ну што, твой хітры сусед выманіў у цябе братаву цацку?” Кастусь панурыўся і кіўнуў.
“Пакуль не вярнуліся з працы бацькі, давайце не губляць часу!” — прапанаваў Тыгр. “Давайце!” — у адзін голас сказалі Воўк і Слон. “Ты паедзеш са мной”, — дадаў Пластмасавы, і не пытаючыся дазволу, падхапіў Кастуся хобатам і акуратна пасадзіў сабе на сагнутае калена, а далей хлопчык сам ускараскаўся на гіганцкую спіну. І хобат, і спіна падаліся зусім не пластмасавымі, а цалкам сапраўднымі.
Як яны апынуліся перад дзвярыма сёмай кватэры, Кастусь не памятаў. Але Слон ужо націснуў на званок, дзверы расчыніліся і Толік акамянеў на парозе. Ну, вы самі ўявіце: перад дзвярыма стаяць Тыгр і Воўк у сапраўдную велічыню, а за імі на пляцоўцы пакутвае ад сваіх памераў Слон, ледзь перасоўваючыся па лесвіцы. А ў дадатак у яго на спіне сядзіць Кастусь. “Аддай, калі ласка, чалавеку прыстаўку. Гэта не яго, ты ж ведаеш!” – ветліва сказаў Тыгр. Толік не зварухнуўся – яго акругленыя вочы і адкрыты рот гаварылі пра тое, што ён моцна напалохаўся. “Ты не бойся! Проста прынясі цацку”. Толік нарэшце выйшаў са ступару, сказаў “Ага!” і кінуўся ў пакой. Праз секунду з’явіўся з прыстаўкай у руках, але на пляцоўцы нікога не было.
Кастусь сядзеў у сваім пакоі. Перад ім быў несапраўдны лес. Недзе там у глыбіні яго хаваліся тры цацачныя жывёліны. Раздаўся званок, націснулі тры разы. Кастусь, не спытаўшыся, адчыніў дзверы – з Толікам у іх дамова, калі што, званіць па тры разы.
— Слухай! Я вырашыў табе аддаць прыстаўку. Я ведаю, гэта не твая, а брата…
Толік не спяшаўся сыходзіць, нешта хацеў спытаць.
— Ну, што яшчэ? – дапамог яму Кастусь.
— Ды не, нічога асаблівага… Паслухай, у цябе такія старыя цацкі – драўляны тыгр, жалезны воўк і пластмасавы слон яшчэ ёсць? – усхвалявана спытаўся сусед.
— Ёсць, а што?
— Ды так, нічога… – кінуў Толік, павярнуўся і пабег у бок ліфта, забыўшыся развітацца.
Юры Несцярэнка