Май разам з “Вясёлкай”
У маі рэдакцыя часопісаў “Вясёлка”, “Буся” і “DOMiK” узяла ўдзел у штогадовай міжнароднай спецыялізаванай выстаўцы “СМІ ў Беларусі”. Цягам некалькіх дзён вясёлкаўцы сустракаліся на стэндзе са сваімі маленькімі чытачамі, праводзілі конкурсы, чыталі і малявалі, і ўвогуле добра прабавілі час разам з сябрамі сваіх выданняў.
3 мая на галоўнай пляцоўцы выставы адбылася цырымонія ўручэння літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі за 2018 год. Галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” Уладзімір Ліпскі павіншаваў лаўрэатаў, якія атрымалі дыпломы і медалі. Са словамі падзякі і сваімі вершамі выступілі пісьменнік Генадзь Аўласенка, а таксама лаўрэатка імянной прэміі Уладзіміра Сцяпанавіча, вучаніца гімназіі горада Дзяржынска Дар’я Паўлоўская. Старэйшаму літаратару Мар’яну Дуксу ўзнагарода прысвоена пасмяротна. Зялёную Жабку атрымаў пераможца аднайменнага конкурсу часопіса “Буся”, юны мастак, другакласнік Ілля Змачынскі.
4 мая ў Мінску прайшоў міжнародны конкурс-фестываль “Зоркі Перамогі”, у якім дзіцячыя калектывы і сольныя выканаўцы паказалі свае здольнасці ў харэаграфіі, вакале, тэатральным майстэрстве. Усе юныя таленты атрымалі прызы. Віншуем!
Вася Вясёлкін