Ляля
На адной паляне расла дужа прыгожая кветачка. Яна пералівалася такімі колерамі, што нават назваў ім няма – не прыдумалі, бо не бачылі яшчэ. На тую палянку почасту завітвала дзяўчынка і чытала там лемантара. Так і кветачка навучылася чалавечай гаворцы. А яшчэ дзяўчынка прыносіла ляльку і садзіла яе побач менавіта з гэтай кветачкай. І саму кветачку дзяўчынка стала называць – ляля.
Неяк захацеў ажаніцца з кветачкай сам Вецер. З ёю шмат хто хацеў пабрацца, многія марылі пра яе. Але яна нікога не абірала, ёй не хацелася замуж. А Вецер падумаў: “Я і прыгожы, і вялізны, і страшны. Хто ж са мной не марыць ажаніцца?”
Але кветачка не марыла. Яна мовіла:
– Не, Вецер, ты злосны, ты можаш выклікаць ураган, ты ўсё нішчыш, і кветачкі таксама.
Тады Вецер зазлаваў ды пачаў цягнуць яе за пялёсткі. Маці-Зямля не хацела аддаваць сваю прыгожую дачку і цягнула яе долу. Гэтак дужаліся яны кожны ў свой бок. І калі Вецер пацягнуў штомоцы, выцягнуліся валасы. Пацягнула Маці-Зямля сцябліну з карэньчыкамі – з’явілася цела. Так прыйшла ў свет прыгажуня-дзяўчына. Пабачылі яе людзі і сказалі:
– Якая ты чароўная! Скуль ты такая?
Апавяла яна сваю гісторыю, ды так, што ўсе паразяўлялі раты, але далі веры і пастанавілі:
– Будзеш нашай багіняй вясны Ляляй, бо ты здольная дапамагаць дзяўчатам, дапамагаць раслінам увесну.
І ад таго часу пра найболей прывабных дзяўчат кажуць: “Прыгожая, як Ляля!”
Альжбэта Малішэўская-Спрынчан,
5 “А” клас, гімназія № 23 г. Мінска