Вершы Анатоля Зэкава
Среда, 22.05.2019 10:29. Рубрика: БУСЯ
ЛІЧЫЛКА
Раз, два, тры, чатыры, пяць,
Шэсць, сем, восем, дзевяць…
Добра ў хованкі гуляць
Ад нядзелі да нядзелі.
На лік “дзесяць” разбяжыся,
Хто застаўся – той жмурыся!
ЧЫМ ШТО ЕСЦІ?
Хто з сяброў падкажа Мішку,
Як патрэбна есці ўсё ж.
Чэрпае пюрэ ён лыжкай,
А відэльцам лезе ў боршч.
БАБЁР-ХВАЛЬКО
Бабёр хваліўся шчупаку,
Што можа пераплыць раку,
І так рупліва грыз ствол дуба,
Ажно стачыў дашчэнту зубы.
Сядзіць і войкае ў трысці:
Дзе стаматолага знайсці?
ЕЛА ЛЬВІЦА ПІЦУ
Ільвянят прывезла львіца
На экскурсію ў сталіцу.
У піцэрыі ў сталіцы
Заказала львіца піцу.
Ела піцу, смакавала
І львянятак частавала.
І цяпер штодня на піцу
Просяцца яны ў сталіцу.