Каток залаты лабок
Беларуская народная казка
Дзейныя асобы:
А п а в я д а л ь н і к
Д з е д
Б а б а
К а т о к з а л а т ы л а б о к
А п а в я д а л ь н і к: Жыў дзед з бабай. Былі яны вельмі бедныя: ні насіць няма чаго, ні варыць.
Б а б а: Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, ссячы дубок, завязі на рынак, прадай і купі гарчык мукі. Спячом хлеб.
А п а в я д а л ь н і к: Сабраўся дзед, паехаў у лясок, пачаў секчы дубок. Выскачыў з дуба каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Дзеду, дзеду, што табе трэба?
Д з е д: Ды вось, каточак, мой галубочак, паслала мяне баба ссекчы дубок, завезці на рынак, прадаць і купіць гарчык мукі на хлеб.
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Едзь, дзед, дахаты: будзе ў вас мука!
А п а в я д а л ь н і к: Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго мукі поўныя засекі. Спякла баба хлеб, сама наелася, дзеда накарміла.
Б а б а: Не шкодзіла б цяпер і заціркі наварыць. Ды солі няма. Вазьмі, дзеду, тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго солі.
А п а в я д а л ь н і к: Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Дзеду, дзеду, што табе трэба?
Д з е д: Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць — солі няма!
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Едзь, дзед, дахаты: будзе соль!
А п а в я д а л ь н і к: Прыехаў дзед дахаты, ажно ў яго солі цэлая дзежка стаіць. Наварыла баба заціркі, сама наелася, дзеда накарміла.
Б а б а: Не шкодзіла б цяпер і капусты паспытаць. Вастры, дзеду, тапарок, едзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго капусты.
А п а в я д а л ь н і к: Навастрыў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Дзеду, дзеду, што табе трэба?
Д з е д: Ды вось, каточак, мой галубочак: хлеб ёсць, соль ёсць — капусты няма!
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Едзь, дзед, дахаты: будзе капуста!
А п а в я д а л ь н і к: Прыехаў дзед дахаты, а ў яго капусты поўная кадушка!
Б а б а: Ай, як добра! Вось каб цяпер яшчэ сальца… Мы б з табою капусты наварылі, сальцам закрасілі б. Не палянуйся, дзеду: вазьмі тапарок, паедзь у лясок, стукні ў дубок, ці не выскачыць каток — залаты лабок: папрасі ў яго сальца.
А п а в я д а л ь н і к: Узяў дзед тапарок, паехаў у лясок, стук у дубок!.. Выскачыў каток — залаты лабок, залатое вушка, срэбранае вушка, залатая шарсцінка, срэбраная шарсцінка, залатая лапка, срэбраная лапка.
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Дзеду, дзеду, што табе трэба?
Д з е д: Ды вось, каточак, мой галубочак: просіць баба яшчэ сальца да капусты.
К а т о к з а л а т ы л а б о к: Добра, дзед, едзь дахаты: будзе сала.
А п а в я д а л ь н і к: Прыязджае дзед дахаты, а ў яго сала цэлы кубелец! Рады дзед, рада баба. Сталі яны жыць ды пажываць, дзецям казкі казаць. I цяпер жывуць, хлеб жуюць капустаю з салам закусваюць. Вось вам казка, а мне абаранкаў вязка.