Пастараліся
Улад і Сеня, два браты, прыехалі на ўсё лета ў вёску да дзядулі з бабуляй. Дзядуля загадзя падрыхтаваўся да прыезду ўнукаў: купіў гамак, дзіцячую горку, надзіманы басейн… Усё паставіў і прыладзіў у вялікім яблыневым садзе. У басейн колеру вясёлкі наліў вады. Побач змайстраваў арэлі. Добрая дзіцячая пляцоўка атрымалася – не горш, чым у горадзе!
Вось прыехалі Улад і Сеня, дзед пачаставаў іх і павёў паказваць пляцоўку для гульняў. Хлопчыкі трохі пакоўзаліся на горцы, пагушкаліся на арэлях, паляжалі па чарзе ў гамаку, а потым пытаюцца:
– Дзед, а што ў цябе ў хляве?.. А дзе ў цябе малаток і цвікі ляжаць?.. А ці можна залезці на гарышча?..
І так павялося з дня ў дзень: не хочуць хлопчыкі гуляць на дзіцячай пляцоўцы – то на высокае дрэва залезуць, то ў маліннік у куце саду схаваюцца і ўсе ягады да адной абарвуць, нават на варэнне не пакінуць, то на сене ў гумне заснуць, то будан з галля пачнуць будаваць і так захопяцца, што пра абед забудуць…
Бабуля штораз хвалюецца і прыгаворвае:
– Вой, нейкія няправільныя ў нас унукі!
– Самыя што ні на ёсць правільныя! – заступаецца за ўнукаў дзядуля.
І дапамагае хлопчыкам ладзіць будан, і лезе з імі па драбіне на гарышча, і дае ім малаткі і поўную бляшанку цвікоў, а яшчэ вялікую калоду, у якую гэтыя цвікі можна забіваць.
Адно, што падабаецца Уладу і Сеню на пляцоўцы, якую дзядуля зладзіў, – гэта басейн. Лета стаіць спякотнае, і яны з басейна гадзінамі не вылазяць. На жаль, блізу дзядулевай вёскі няма ні рэчкі, ні возера, толькі старая сажалка.
А больш за ўсё хлопчыкі любяць паліваць агарод. Увечары Улад і Сеня не могуць дачакацца, калі дзядуля прыладзіць да водаправоднага крана даўжэзны шланг і пачне паліваць градкі. Пырскі ляцяць ва ўсе бакі, а хлопчыкі, распранутыя і басанож, з вясёлым крыкам бегаюць пад струменямі вады. А потым пачынаюць прасіць дзядулю:
– Дай і нам паліць агарод! Дай і нам!..
Калі дзядуля перадае ім шланг, пачынаецца самае вясёлае: хлопчыкі пачынаюць абліваць адзін аднаго, вішчаць, рагатаць!..
– Ціха, не дурэць! – крычыць на іх з ганка бабуля. – Добра палівайце ўсе мае градкі: і агуркі, і моркву, і буракі – я потым праверу!
Аднойчы, у асабліва спякотны дзень, бабуля вынесла на вуліцу падушкі і коўдры, каб прасушыць іх. Увесь дзень яны грэліся пад сонцам на лаўцы непадалёку ад агарода. А ўвечары хлопчыкі зноў палівалі градкі і зноў дурэлі са шлангам.
Перад сном пайшла бабуля па падушкі, а яны ўсе мокрыя! Тут якраз Улад і Сеня бягуць:
– Бабуля, мы твае градкі палілі! Ідзі – правярай, ці добра?..
Бабуля адказвае:
– Я ўжо праверыла. Пабачыла, што вы добра палілі і агуркі, і моркву, і буракі, і мае падушкі. Што тут скажаш – пастараліся!
Тамара БУНТА