Шкодныя парады
Понедельник, 6.05.2019 10:03. Рубрика: Хвілінкі-весялінкі
***
Калі мама вас пад вечар.
Прымушае чысціць зубы
Шыю, вушы мыць і попу,
Трэба маму папярэдзіць,
Што вы скаргу падасцё
У Гаагу неадкладна,
А пасля ў ААН, напэўна,
І яшчэ ў Чырвоны Крыж.
***
Калі стала вам вядома,
Што матуля пад сакрэтам
Недзе ў кухні прыхавала
Смачны шведскі шакалад,
Трэба ўзброіцца услонам
І тактычную разведку
Неадкладна там правесці.
Калі ж марнымі нарэшце
Выявяцца вашы спробы,
Не тужыце і не плачце,
А як прыйдзе мама з працы,
Вы ёй допыт учыніце,
Прывязаўшы да лядоўні,
І тады яна дакладна
Скажа, дзе ляжаць цукеркі,
Шакаладка і пячэнне,
Вось тады настане шчасце.
Ды галоўная задача
Вам — не трэснуць ад яго.
Толя ШКОДНІК