Хлопчык, які ніколі не плача
Жыў-быў хлопчык, які ніколі не плача. Так, і такое магчыма. Мара ўсіх бацькоў? Або не?
Кожнае лета бацькі адпраўлялі сына да бабулі ў вёску. З аднаго боку, ім падабалася, што сын не плача і расце спакойным хлопчыкам. З іншага боку, яны непакоіліся. Вадзілі яго і па дактарах, але ніякіх асаблівых хвароб не знайшлі.
Хлопчыка звалі Віця. Нядаўна яму споўнілася восем гадоў, і больш за ўсё на свеце ён любіў гуляць і збіраць на вясковай дарозе каменьчыкі. І не абы-якія, а крэмень, які ачышчае ваду, калі яго туды пакласці. Аднойчы Віця так захапіўся пошукам каменьчыкаў, што глядзеў пад ногі, а не па баках, ішоў, ішоў… І ў выніку заблукаў. “Ой, напэўна, бабуля мяне ўжо абшукалася! І колькі ж часу прайшло?”. Плакаць ён па сваёй дзіўнай звычцы не стаў, а пачаў азірацца, каб знайсці кагось з дарослых. Нікога паблізу не было. Раптам ён адчуў на сабе нечы погляд. Побач стаяў пярэсты бела-чорны сабачка і пільна глядзеў на Віцю.
“Эх, сабачка, як жа мне дадому вярнуцца? Можа, ты мне пакажаш дарогу да вёскі?”, — спытаў Віця ў адзінага свайго суразмоўцы. У адказ сабачка завіляў хвастом, як прывітаюць лепшага сябра, і з радасцю памкнуў у бок дарогі, нібыта кажучы: “Не праблема, я ведаю як”. Віця паспяшаўся за ім, і хутка яны ўбачылі знаёмыя дамы.
Так у Віці з’явіўся сапраўдны сябар, які часта прыходзіў да бабулінай хаты, і яны гулялі разам і ніколі не баяліся заблукаць. А Віця стаў час ад часу плакаць — ад радасці або ад крыўды, заўсёды па пэўнай прычыне. І вернага сабачку, дарэчы, Віця так і назваў — Сябра.
Юлія Новік