Вожыкі. Гісторыя другая
Дзень народзінаў
Сонца сваімі рукамі-промнямі прабівалася праз фіранку, каб разбудзіць маленькага Вожыка. Сёння ў яго важны дзень — у Стэфана дзень народзінаў! Але маленькі ніяк не хоча прачынацца. Пакуль Стэфан дрэмле, я раскажу вам тое-сёе пра вожыкавы ўзрост. Рэч у тым, што ў вожыкаў час ляціць нашмат хутчэй, чым у нас. І калі вожыку спаўняецца адзін сонцаход, яго можна адпраўляць у лясную школку. Сонцаход — гэта час, за які сонца абыходзіць зямлю кругом і вяртаецца назад. Школка ў важычанят таксама незвычайная. Заняткі ў ёй пачынаюцца ў траўні і доўжацца да позняе восені. Вакацыі пачынаюцца на Каляды, як і ў нашых школьнікаў, але доўжацца цэлых чатыры месяцы, бо гэтай парой вожыкі ўпадаюць у спячку. Але ж ціха! Вось у пакой увайшла мама Агнія.
— Прачынайся, сынок, — мама пагладзіла Стэфана па калючай спінцы. — Сёння ў цябе свята. Табе цэлы сонцаход, даражэнькі!
— Не хачу! Хачу спаць, — зарумзаў спрасонку маленькі вожык, праціраючы вочкі.
— Сыночак, гэта ж твой дзень, ты ж імяніннік!
— А хто гэта, імяніннік?
— Той, у каго імяніны — дзень народзінаў. Звычайна ў такі дзень запрашаюць гасцей і спраўляюць імяніны. Ад слова «імя». Тваё імя Стэфан, бо ты нарадзіўся акурат сямнаццатага красавіка, якраз у дзень Святога Стэфана. Таму мы цябе і нараклі гэтым імем.
— Ура! — узрадаваўся вожык. — Я — імяніннік! І-мя-ні-ннік!А хто сёння да мяне прыйдзе?
— Бабулі з дзядулямі, дзядзя Марк, нашыя сябры.
— А мае сябры?
— А ў цябе іх многа? — асцярожна спытала мама.
— Не ведаю. А дзе іх бяруць, сяброў?
— Цяпер ужо я́ не ведаю, што адказаць, — усміхнулася мама. — Сябры з’яўляюцца самі. Іх трэба шукаць. Сябар — гэта той, з кім табе прыемна бавіць час, той, хто дапаможа і падтрымае, калі табе цяжка.
— Значыць, я ваш з татам сябар?
— Ну канечне, Стэфік, ты наш найлепшы сябар, — з усмешкай адказала мама Агнія. — Больш за тое, магу сказаць, што ты сябар для ўсіх нашых сяброў. Яны таксама вельмі любяць цябе.
— А гэта табе ад нас з татам, — мама Агнія працягнула малому важкі і вялікі скрутак.
Стэфан разгарнуў падарунак: канструктар! Цяпер ён зможа будаваць дамы, і машыны, і масты, і яшчэ шмат чаго іншага.
— Люблю імяніны! — вожык аж падскочыў у ложку.
Пакуль Стэфан праектаваў і ўзводзіў цацачны горад з падоранага канструктара, бацькі рыхтаваліся да свята: з кухні пахла вельмі смачна. Тата варыў улюбёны збіцень, мама паставіла ў духоўку яблычны пірог і бабку з грыбамі.
Апоўдні пачалі з’яўляцца першыя госці. Кожны віншаваў віноўніка ўрачыстасці. Дзядзя Марк падарыў Стэфану мазаіку з яблыневым садам, бабуля з дзядулем прынеслі любаму ўнуку розныя салодкія прысмакі і запрашальнік у лясны забаўляльны цэнтр. Было яшчэ шмат розных сюрпрызаў і прыемнасцяў.
Бацькі накрылі на стол. Госці ўладкаваліся на свае месцы.
Першае слова далі імянінніку.
— Я такі шчаслівы, такі шчаслівы… — Стэфан на хвілінку змоўк, і не ведаў, што казаць далей, але не разгубіўся і прамовіў. — Шчаслівы, бо ў мяне столькі сяброў!
Увечары, калі ўсе разышліся, маленькі вожык, лежачы ў ложку, сказаў маме:
— Сёння ў мяне быў самы цудоўны дзень. Але ж ведаеш, я тут падумаў… Вы, вядома, мае найлепшыя сябры, але ў мне патрэбны такі сябар, з якім бы я мог бавіцца ўвесь час — і ўдзень, і ўвечары. З’яві мне браціка ці сястрычку, га, мам?
— Не ведаю, Стэфік, мне трэба параіцца з татам, я пагутару з ім заўтра, а зараз трэба класціся спаць. Дабранач, сыночак.
— Дабранач, мая найлепшая сяброўка.
Алесь Емяльянаў-Шыловіч