Забавы Чараўніка
Жыў у лесе Чараўнік. Зазнайка, ганарлівец ды насмешнік. Лясныя жыхары не супраць жартаў, але ад іх толькі Чараўніку весела. Астатнім жа — адна згрызота.
Наладзяць зайцы свята, прыйдуць да яго:
— Дзядзька! Зрабі нам, калі ласка, вясёлку.
А ён усміхнецца ў доўгую бараду, махне чарадзейным пруточкам — і перапэцкае зайцоў фарбамі усіх колераў. Тыя некалькі дзён у рацэ сядзяць, адмываючы свае футаркі. Бо як схавацца ад воўчых зубоў чырвонаму ці сіняму зайцу?
Або ў засуху, калі ўсё жывое ад смагі пакутуе, дажджу ў Чараўніка папросяць — а замест вясёлых кропелек на зямлю перапуджаныя жабкі шмякаюцца.
І так заўсёды. Прасілі яго, ушчувалі — як гарохам аб сценку. Мядзведзь нават прыпалохаць спрабаваў! Ды Чараўнік махнуў пруточкам — у Мядзведзя замест вушэй два зялёныя лопухі павіслі. Ледзь удалося касалапаму гаспадару ўлагодзіць Чараўніка, каб вушы вярнуў.
Няма зладу са старым. Сабраліся звяры на лясную раду і вырашылі: няхай застаецца адзін! Ніхто больш не звяртаўся па яго дапамогу, не цікавіўся жыццём. Толькі самы церпялівы прыяцель Вожык не здаваўся. Ды Чараўнік зноў не ўтрымаўся — пасадзіў яго, соннага, на ліст гарлачыка пасярод возера. Ну і нацярпеўся Вожык страху! Ледзь не патануў, дабіраючыся да берага. І пасля гэтага да “жартаўніка” — ні нагой!
Сумна стала Чараўніку, хоць вый ад адзіноты. А зачапіць каго-небудзь першым фанабэрыя не дазваляла.
Аднойчы, гуляючы па вершалінах ялін, ён пачуў, як Вожык гасцей на вечарыну запрашае:
— Гэй, суседзі дарагія! Прыходзьце да мяне ў нядзельку. Зайкі, вавёрачкі, браткі-мурашы, мятлікі, светлякі — усім месца знойдзецца.
Чараўнік зарадаваўся — можна будзе і пірагамі паласвацца, і пацеху наладзіць.
Спусціўся ніжэй, галлём назнарок зашумеў, пракашляўся. …А Вожык моўчкі зірнуў на яго і патупаў сваёй дарогай. Узяла Чараўніка крыўда. Гэта ж трэба: казявак нейкіх паклікалі на свята, а яго, магутнага Чараўніка, — не. Ну, ён ім пакажа! Моц ды сілу чарадзейскую явіць!
Думаў-думаў Чараўнік, як адпомсціць за знявагу і надумаў.
Позна ўвечары, калі лес заснуў, абуў Чараўнік мяккія пантофлі і нячутна пайшоў па лесе. Убачыць павуцінне між галінак — здыме ды ў глыбокую кішэню хавае. Шмат назбіраў. А вярнуўшыся дамоў, пашыў з павуціння вялізную торбу.
У прызначаны дзень выправіўся ён з торбай на балота. Там вечарамі слаўся такі густы туман — хоць нажом рэж. Напхаў Чараўнік туману пад самыя завязкі і ў свой лес падаўся. Ідзе і ледзь стрымліваецца, каб не зарагатаць на ўсё наваколле. А дарога няблізкая! Стаміўся, ледзь ногі валачэ. Ды вось і пагорачак знаёмы, адсюль да вожыкавай хаткі рукой падаць. Заспяшаўся Чараўнік, не згледзеў кораня старой сасны, што на сцяжынку выпер, зачапіўся ды паляцеў кулём з пагорачка. І шышак набіў, і чарадзейны пруточак згубіў, і мех падраў. З усіх дзірак хлынуў густы халодны туман. Наваколле як растала за белай завесай. Крутануўся Чараўнік у адзін бок, у другі — стаіць туман сцяной. Зямлю вакол абмацаў — няма пруточка. Паспрабаваў закляццем туман разагнаць:
— Прэч, туман! Прэч! У балота гнілое, у купіны сырыя, пад пні трухлявыя! Прэч!
Дзе там! Без пруточка чарадзейнага якая варажба. А туман клубіцца вакол, вочы засцілае, нос забівае. Страшна стала Чараўніку — ніколі яшчэ не заставаўся без сілы чарадзейскай. Кідаўся ён кідаўся, шукаў-шукаў дарогі — дарэмна. Сеў разгублены і стомлены на зямлю і захліпаў-загаласіў:
— Дапамажыце!.. Гэй, хто-небудзь! А-у-у!
А ў Вожыка вечарына ў самым разгары. Светлячкі, як маленькія ліхтарыкі, зіхацяць. Музыкі-конікі граюць, госці скачуць полечку-трасуху. Сам гаспадар Вожык са жвавай Вавёрачкай прытупвае, моладзі дыхту задае. Весела ўсім, радасна. Ды тут Заяц вушы натапырыў:
— Чакайце-чакайце! Здаецца, клікаў хтосці…
Музыка сціхла, прыслухаліся — праўда. Відаць, нехта ў бяду трапіў. Сабраліся ўсёй грамадой ды пайшлі на голас. Светлячкі спераду — дарогу асвятляюць. Прыйшлі да нізінкі. Аж там за туманам нічога не відаць.
— Гэй, — гукнуў Вожык, — ёсць тут хто?
Сорамна Чараўніку адзывацца, але што зробіш…
— Братка Вожык! Я гэта, Чараўнік! Дапамажыце…
Насцярожыліся лясныя жыхары:
— Пэўна, зноў збіраецца свінню падлажыць.
Прыйшлося Чараўніку прызнацца, што збіраўся свята сапсаваць, дзеля гэтага і туману прыцягнуў, а справіцца з ім не можа — пруточак згубіў.
— Вось як! — кажа Вожык. — Што ж, варта за ўсе кпіны пакінуць тут цябе аднаго.
— Я больш не буду, — аж застагнаў Чараўнік. — Далібог.
Ну, не помсціць жа таму, хто трапіў у бяду. Кінуліся светлячкі з мурашамі ва ўсе бакі — знайшлі як бачыш чарадзейны пруточак, аддалі Чараўніку. Той махнуў ім — знік туман.
Бачыць Чараўнік — стаяць вакол звяры ды птушкі, даўнія яго знаемыя. Колькі разоў ён цешыўся іх бездапаможнасцю, а прыйшлося — і не змог без спагады іх абысціся.
— Даруйце, — прамовіў Чараўнік. Хоць і не прывык галоўку перад кім-небудзь хіліць, а ўсё ж прызнаў: — Дурныя жарты ў мяне выходзяць.
І, ці паверыце? Выправіўся! Жартаваць, праўда, не перастаў.Толькі жарты яго сталі дасціпнымі і няшкоднымі.
Наталля Бучынская