Вершы Галіны Каржанеўскай
Пятница, 19.04.2019 09:50. Рубрика: Навіны "Вясёлкi"
Гульні
На дварэ люляе дрэва
Птушку з птушанятамі.
Не кладзецца толькі Ева,
Гульнямі занятая.
Шчэ не ведае малая
(Колькі там гадочкаў!):
Гульні не перагуляеш
І да самай ночкі.
Боцікі гумовыя
Я па лужынах хаджу
І пад ногі не гляджу,
Як надзену новыя
Боцікі гумовыя.
І цяпер паўсюль ваду
Я на вуліцах знайду.
Малайцы вы, новыя
Боцікі гумовыя!
Цяжкае пытанне
– Бабуля, скажы мне,
Мо ведаеш ты:
Ці ёсць у слана капыты?
Бабуля маўчала,
Не знала яна,
Ці ёсць капыты ў слана.
Бываюць у коней,
Аленяў, ласёў…
А болей на памяць
Ніхто не ішоў.
І разам рашылі:
Навошта нам слон?
Спытаемся ў дзеда.
Хай думае ён.