Павучок Славік
У пакойчыку дзвюх сястрычак, Мілы і Машы, пасяліўся павучок Славік. Ён вельмі ўпадабаў месца каля вакна, за фіранкай. Там светла і ўтульна. І для нікога не заўважна.
Раніцай маці будзіла дзяўчатак.
– Прыгажунькі, пара ўставаць! – гучаў яе ласкавы голас, і запальвалася святло. Дзяўчаты, соладка пацягнуўшыся ў сваіх ложках, хуценька падхопліваліся і пачыналі збірацца ў школу.
Але найперш яны беглі рабіць ранішнюю зарадку. Павучок цікаваў за імі з-за фіранкі. Ён таксама спрабаваў разводзіць ушыркі свае восем ножак, але так, як у дзяўчатак, у яго не атрымлівалася.
Славік ніколі не быў у школе. І вельмі зайздросціў Машы і Міле, калі тыя апраналі сарафанікі, запляталі коскі і, вясёлыя, беглі на заняткі. Ад дзяўчынак ён даведаўся, што школа – гэта вялікі дом. Там багата вучняў, і настаўнікі расказваюць ім шмат цікавага.
– Вось бы і мне ў школу! – марыў павучок. – Я навучыўся б пісаць, чытаць і, як і дзяўчынкі, чытаў бы кніжкі.
Але ён быў толькі маленькім павучком. І ніяк не мог выправіцца ў далёкі шлях. Ды і хто яго возьме ў школу? У яго ж няма нават партфеля…
Каб не сумаваць, Славік змайстраваў у куточку акенца павуцінку. Яму здавалася, што гэта ягоны ветразь, а ён – адважны капітан. Славік павольна гойдаўся на сваёй лёгкай павуцінцы і марыў пра падарожжы.
На падаконніку ў прыгожай вазонніцы жыў кактус. Дзяўчынкі называлі яго Містэр Сэм. Круглы, гладкі, вельмі падобны да гарбузіка. Каб пацешыць Славіка, кактус часта расказваў яму гісторыі. Пра пясчаную пустыню – сваю далёкую радзіму – ён ведаў іх нямала. Пасля такіх расповедаў Славік смялеў і выбіраўся з-за фіранкі. Але калі званілі ў дзверы, ён адразу даваў ходу назад.
Першай вярталася са школы Маша. Яно і зразумела – у другім класе ўрокаў менш, чым у чацвёртым, у якім вучылася Міла. Маша цярпліва чакала сястру. Удзвюх ім было яўна весялей.
Славік уважліва слухаў, як дзяўчаткі шчабяталі, наперабой расказваючы пра свае школьныя справы. Дасціпны павучок ведаў нават дзявочыя сакрэты: Міле падабаўся Косцік – хлопчык з паралельнага класа, а Машы прыслаў запіску аднакласнік Мікіта. Што ён пісаў, павучок даведацца не змог, бо дзяўчынкі чыталі запіску шэптам, а пасля доўга хіхікалі.
Славік час ад часу глядзеў у вакно. Там восень мяняла фарбы. Навокал было вельмі прыгожа, пакуль не задажджыла. Яго цёплы куточак з шэрай халоднай вуліцай раздзяляла толькі шыба. І ён па-свойму радаваўся жыццю.
Дзень ішоў за днём, пакуль не выпаў снег. Першым здзівіўся Славік. Ён ніколі не бачыў, каб кругом было так бела. На дрэва, што стаяла побач з іх домам, прыляцела варона. Пад цяжарам птушкі галінка здрыганулася, і з яе пасыпаліся лёгкія пушынкі.
– Які цуд! – вырвалася ў зачараванага відовішчам Славіка.
– Так-так! – падтрымаў яго кактус Містэр Сэм, для якога снег таксама заставаўся дзівам, хоць і бачыў яго ўжо не першы год.
Дзяўчынкі кінуліся да вакна, адхінулі фіранку, а там… Ад нечаканасці забыліся пра снег, які толькі што так прыемна ўразіў іх.
На дзяўчынак глядзеў Славік. Прырода зрабіла яго чорным, галаву злучыла з грудзьмі, надзяліла чатырма парамі ног. Восем вачэй Славіка выпраменьвалі дабрыню. Але каму яна была патрэбная?
– Фу, павук! Якая брыдота! – скрывілася Міла.
– З дзяцінства не цярплю павукоў! – падтрымала сястрычку Маша.
У гэты момант у пакой увайшла маці. Міла і Маша кінуліся да яе за ратаваннем.
– Дзяўчаткі, павучок прынёс нам такую прыемную навіну – першы снег. Навошта нам яго крыўдзіць? І тым больш не варта баяцца! Ён такі маленькі і бездапаможны.
Міла і Маша сумеліся. Ім было вельмі сорамна перад Славікам.
– А ён і сапраўды вельмі мілы, – прамовіла Міла.
– Не дадзім цябе ў крыўду нікому! – расчулілася Маша.
Пасмялелы Славік у знак згоды паварушыў ножкамі.
Алена Стэльмах